Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выдзелілі грошы на кампэнсацыю бізнэсоўцам, якія пацярпелі ад закрыцьця пераходаў зь Беларусьсю


Закрыты памежны пераход зь Беларусьсю ў Кузьніцы Беластоцкай, архіўнае фота
Закрыты памежны пераход зь Беларусьсю ў Кузьніцы Беластоцкай, архіўнае фота

На кампэнсацыю страт ад закрыцьця пераходаў на мяжы зь Беларусьсю польскаму бізнэсу выдзелілі 1,25 млн даляраў.

Бізнэсоўцы з гмінаў Кузьніца і Гарадок (Грудэк) могуць і далей зьвяртацца па кампэнсацыю страт ад закрыцьця памежных пераходаў зь Беларусьсю, адпаведную пастанову 13 траўня падпісаў кіраўнік Падляскага ваяводзтва Польшчы Яцэк Бжазоўскі.

Паводле інфармацыі прэс-службы ваяводзтва, на гэтыя мэты да канца году з агульнай рэзэрвы дзяржаўнага бюджэту выдзелена 5 млн злотых (1,25 млн даляраў), піша Позірк.

Рух у аўтамабільным пункце пропуску Кузьніца Беластоцкая (зь беларускага боку — Брузгі) быў спынены на няпэўны тэрмін 9 лістапада 2021 году, Баброўнікі (Бераставіца) — 10 лютага 2023-га (пасьля асуджэньня рэжымам Аляксандра Лукашэнкі журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў палітычна матываванай справе).

У чэрвені 2023 года польскі закон аб ахове дзяржаўнай мяжы дапоўнілі палажэньнем, якое дае магчымасьць зьвяртацца па пакрыцьцё страт тым прадпрыемствам, якія працуюць на тэрыторыях, дзе разьмешчаны закрытыя пункты пропуску. Бізнэс можа падаваць тры заявы на кампэнсацыю, разьлічаную на падставе даходу арганізацыі, і дзевяць — на падставе колькасьці супрацоўнікаў.

Паводле зьвестак Дэпартамэнту кіраваньня нерухомасьцю Падляскага ваяводзтва, па кампэнсацыю страт зьвярнуліся 26 арганізацый, вынесена 137 станоўчых рашэньняў на суму 8 млн 145,758 тыс. злотых (2,04 млн даляраў).

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG