Амаль кожная пакупка ў беларускай краме прыносіць прыбытак вытворцу галяграмаў, пераліўныя налепкі ставяць на шматлікія тавары: ад газіроўкі да ноўтбукаў і каштоўных папераў. А вырабляе ахоўныя выявы прыватнае прадпрыемства. Журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру высьветлілі, што яно зьвязанае з «гаманцом» Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым, а ягоныя ўладальнікі знаёмыя зь сям’ёй самага ўплывовага палітыка ў краіне.
Матэрыял Беларускага расьсьледніцкага цэнтру падрыхтавалі пры падтрымцы OCCRP і «Кібэрпартызанаў».
Аляксандар Лукашэнка як мінімум чатыры разы дарыў творы мастацкай галяграфіі ўплывовым людзям. У 2013 годзе — патрыярху Кірылу, у 2014-м — патрыярху сэрбскаму Ірынэю, у 2016-м — папу Рымскаму Францішку, у 2019-м — насьледнаму прынцу Абу-Дабі шэйху Мухамэду бэн Заіду аль-Нахаяну.
Улады Беларусі стварылі попыт на галяграфічныя ахоўныя элемэнты: яны патрэбныя заўсёды і іх трэба шмат. Сьпіс тавараў, на якіх павінна быць маркіроўка, уражвае сваімі памерамі.
Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў, «Галяграфічная індустрыя» — адзінае беларускае прадпрыемства, якое мае дазвол на вытворчасьць ахоўных галяграмаў, а таксама крышталяграмаў для блянкаў каштоўных папераў і дакумэнтаў з пэўнай ступеньню абароны. Паводле Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, як толькі кампанія атрымала ліцэнзію на дзейнасьць у сакавіку 2011 году, пасыпаліся пастановы Савету Міністраў, якія ўвялі налепкі з галяграмамі на шырокі пералік тавараў, касавыя апараты і гульнявыя аўтаматы.
«Галяграфічная індустрыя» шчыльна супрацоўнічае зь «Менскай фабрыкай друку», якая ўваходзіць у структуру Дэпартамэнту дзяржаўных знакаў Міністэрства фінансаў, скарочана Дзяржзнак. Гэты орган адказвае за палітыку ў галіне распрацоўкі і вытворчасьці блянкаў каштоўных папераў, дзяржзнакаў і дакумэнтаў з пэўнай ступеньню абароны.
Былы дырэктар Дзяржзнаку (да 2022 году) Сяргей Кіслухін — суаўтар сямі патэнтаў заснавальніка «Галяграфічнай індустрыі».
На сайце «Галяграфічнай індустрыі» пазначана, што толькі з 2005-га па ліпень 2017-га прадпрыемствы, якія ўваходзяць у структуру Дэпартамэнту дзяржаўных знакаў Мінфіну, рэалізавалі блянкаў і дакумэнтаў з пэўнай ступеньню абароны на суму каля мільярда даляраў. Тамсама адзначаецца, што «Галяграфічная індустрыя» цалкам забясьпечвае беларускі рынак.
То бок на беларускім рынку галяграфіі асаблівае месца займае прыватная кампанія, чыя выручка стабільна расьце і якая зьвязаная з структурамі Міністэрства фінансаў.
«Галяграфічную індустрыю» заснаваў Леанід Танін — доктар фізыка-матэматычных навук, заслужаны вынаходнік Беларусі, акадэмік Міжнароднай інжынэрнай акадэміі і суаўтар шматлікіх патэнтаў у сфэры аптычнай фізыкі. Яго таксама называюць заснавальнікам школы галяграфіі ў Беларусі.
З усіх акцыянэраў кампанія «Тэхнахімтрэйд» зацікавіла расьсьледнікаў больш за ўсё. Як мінімум на пачатку 2016 году яна валодала найбольшым пакетам акцыяў «Галяграфічнай індустрыі» — 35,5%. Адзіны ўласьнік «Тэхнахімтрэйду» — бізнэсовец Віктар Шаўцоў, якога яшчэ ў 2011 годзе СМІ называлі «гаманцом Лукашэнкі». Ён быў адным з бэнэфіцыяраў «Трастбанку», які, у сваю чаргу, меў долю ў кампаніі «Белзамежбуд». Гэтую фірму кантралявала таксама дзяржава.
Форум