Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ня будзе накладваць вэта на абноўлены закон аб абмежавальных мерах у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі, паведамляе LRT.
Сваё рашэньне кіраўнік гэтай балтыйскай дзяржавы аргумэнтаваў тым, што ў выпадку вэта «маецца шанец, што гэтыя санкцыі ўвогуле перастануць дзейнічаць».
«Менш за ўсё ў цяперашняй сытуацыі я б хацеў, каб мы аслабілі нашы санкцыі ў дачыненьні да гэтых дзвьюх недружалюбных краін», — заявіў журналістам 3 траўня Наўседа.
У той жа час прэзыдэнт папракнуў Сэйм у тым, што той «дагэтуль не знайшоў у сабе волі аднолькава трактаваць грамадзян Беларусі і Расеі».
25 красавіка літоўскі парлямэнт падоўжыў да 2 траўня 2025 году абмежавальныя меры за ваенную агрэсію супраць Украіны, якія тычацца грамадзян Беларусі і Расеі. Папраўкі ў адпаведны законапраект, якія прадугледжвалі пазбаўленьне беларусаў дазволу на жыхарства за частыя паездкі на радзіму, не былі падтрыманыя падчас некалькіх слуханьняў.
Згодна з абноўленым дакумэнтам, працягнецца практыка выдачы віз беларусам на падставе хадайніцтва МЗС. Памежнае ведамства атрымлівае права самастойна вырашаць, ці трэба дадаткова правяраць грамадзян Беларусі, якія ўяжджаюць у краіну (ня тычыцца членаў сем’яў грамадзян Літвы і ЭЗ, маракоў, міжнародных грузаперавозчыкаў і інш.). Забараняецца імпарт беларускай і расейскай сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў (дакладны пералік вызначыць урад).
- Закон аб абмежавальных мерах, зьвязаны з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцьця нерухомасьці ды іншымі пытаньнямі, быў прыняты ў красавіку 2023 году. На этапе разгляду дакумэнт быў значна зьмякчаны ў дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расецаў.
- Тады Наўседа наклаў на закон вета і прапанаваў парлямеэнту ўраўнаць санкцыі для беларусаў і расейцаў. Сэйм адхіліў вета і зацьвердзіў дакумэнт без прапановаў кіраўніка дзяржавы. Палітык сваю пазыцыю не зьмяніў, але на восеньскую сэсію парлямэнту пытаньне пра ўніфікацыю абмежавальных мер ня вынес.
Форум