Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма розьніцы паміж грамадзянамі Беларусі і РФ». Літоўскі экспэрт пра пагрозу ад беларусаў


Марыюс Лаўрынавічус
Марыюс Лаўрынавічус

Беларусы ствараюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы. Так лічыць літоўскі экспэрт па бясьпецы і палітычны аглядальнік Марыюс Лаўрынавічус. Ён перакананы, што, выдаючы дазволы на часовае пражываньне беларусам, Літва стварае вялізную пятую калёну.

«Я не кажу, што беларусы як нацыя пагражаюць Літве. Літве пагражае рэжым Лукашэнкі. А паколькі мы знаходзімся ў стане вайны, якую Расея вядзе ня толькі супраць Украіны, але і Захаду, Беларусь даўно, на жаль, не зьяўляецца ніякай сувэрэннай дзяржавай. Гэта губэрня Расеі, якая праводзіць палітыку Расеі і прыкідваецца незалежнай дзяржавай. У гэтай сытуацыі мы маем справу ня толькі зь недружалюбнай краінай, але і рэжымам, які можа нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Літоўскай Рэспублікі», — кажа Лаўрынавічус.

У сытуацыі вайны неабходна клапаціцца пра сваю нацыянальную бясьпеку і старанна правяраць тых беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве, лічыць экспэрт.

Цалкам інтэрвію глядзіце на Youtube.

«Яны могуць выкарыстоўвацца рэжымам і для аднадзённых задач, па выведцы, а таксама ствараць недружалюбнае грамадзтва ўнутры Літвы ў мэтах рэжыму Лукашэнкі і Пуціна. У Літве ўжо знаходзіцца больш за 70 тысяч беларусаў, а насельніцтва самой Літвы — менш за 3 мільёны. Гэта вялізная лічба, калі гаварыць у тэрмінах нацыянальнай бясьпекі», — перакананы Марыюс Лаўрынавічус.

Літоўскі экспэрт прапануе беларусам, які зьбіраюцца зьвязаць сваё жыцьцё зь Літвой, інтэгравацца ў літоўскае грамадзтва, вучыць літоўскую мову і ня жыць адасоблена ад літоўцаў. Гэтым, на думку Лаўрынавічуса, яны дакажуць, што яны не пагроза для Літвы.

Летась Сейм прыняў закон аб абмежавальных захадах для грамадзянаў Расеі і Беларусі, але для беларусаў увялі менш абмежаваньняў. Дзеяньне закону павінна скончыцца 2 мая гэтага году.

Урад прапануе падоўжыць гэтыя нацыянальныя санкцыі яшчэ на год. Некаторыя палітыкі, у тым ліку прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, выступаюць за тое, каб цалкам ураўнаважыць абмежаваньні супраць расейцаў і беларусаў.

Расейцы і беларусы абмежаваныя ў магчымасьці атрыманьня літоўскіх візаў і электроннага статусу рэзыдэнта. Акрамя таго, грамадзяне Расеі абмежаваныя ў магчымасьці прыехаць у Літву і набыць там нерухомасьць, часова не прымаюцца іх заявы на атрыманьне дазволу на жыхарства ў Літве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG