Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Удзельнічаю ў кампаніі ад імя беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю». Беларуска ідзе на выбары ў Эўрапарлямэнт ад італьянскай партыі


Беларуска Вольга Сурынава. Фота з каналу Народнай амбасады Беларусі ў Італіі ў тэлеграм
Беларуска Вольга Сурынава. Фота з каналу Народнай амбасады Беларусі ў Італіі ў тэлеграм

Беларуска Вольга Сурынава, якая жыве ў Італіі, стала кандыдаткай на выбарах у Эўрапарлямэнт ад італьянскай партыі Più Europa. Яна паабяцала прасоўваць тэму Беларусі падчас выбарчай кампаніі, паведамляе Народная амбасада Беларусі ў Італіі.

Вольга Сурынава прыняла запрашэньне лібэральнай праэўрапейскай італьянскай партыі Più Europa вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах у Эўрапарлямэнт і стала афіцыйнай кандыдаткай ад цэнтральнай Італіі (рэгіёны Лацыё, Таскана, Умбрыя, Марке).

Вольга ўжо ня першы год займаецца беларускім пытаньнем і мае намер прасоўваць беларускі парадак дня ў межах выбарчай кампаніі.

«Я беларуска па паходжаньні, я родам з краіны, якая і сёньня мусіць змагацца, каб стаць на шлях дэмакратыі і свабоды. На эўрапейскі шлях. Усьведамленьне таго, што я жыву ў дэмакратычнай краіне, прымушае мяне адчуваць сябе ня толькі шчасьліўчыкам. Гэта таксама азначае для мяне вялікую адказнасьць», — напісала Вольга ў Фэйсбуку.

Яна адзначыла, што «дэмакратыя не перамагаецца раз і назаўжды, але яе трэба абараняць і падтрымліваць кожны дзень» і паабяцала, што будзе весьці гэтую выбарчую кампанію «ад імя многіх беларусаў, якія мараць, будуюць і змагаюцца за свабодную, дэмакратычную, незалежную Беларусь», якая, паводле яе перакананьня, «некалі стане часткай эўрапейскай сям’і».

Выбары ў Эўрапарлямэнт пройдуць з 6 па 9 чэрвеня 2024 году — у 27 краінах абяруць 720 дэпутатаў, якія потым вызначаць склад ключавых органаў ЭЗ.

Кожная дзяржава Эўразьвязу ўтварае адну ці некалькі выбарчых акруг, у бюлетэнях для галасаваньня прадстаўленыя нацыянальныя партыі — на ўзроўні ЭЗ яны аб’ядноўваюцца ў Эўрапейскія палітычныя партыі, якія пасьля ўтвараюць фракцыі Эўрапарлямэнту і вызначаюць галоўных кандыдатаў на выбарах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG