Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нарвэгіі заявілі, што раскрылі сетку расейскіх агентаў, якія рыхтавалі дывэрсіі на крытычных аб’ектах


Нафтавыя аб'екты ў Паўночным моры, Нарвэгія. Ілюстрацыйнае фота
Нафтавыя аб'екты ў Паўночным моры, Нарвэгія. Ілюстрацыйнае фота

Служба бясьпецы нарвэскай паліцыі (PST) раскрыла некалькі расейскіх агентаў, але дакладную іх колькасьць не называлі.

У Службе бясьпецы нарвэскай паліцыі (PST) заявілі аб імавернасьці падрыхтоўкі дывэрсій супраць крытычна важных аб’ектаў інфраструктуры на тэрыторыі Нарвэгіі.

«Мы бачым, што некаторыя намеры Расеі могуць заключацца ў падрыхтоўцы дывэрсій. Яны дзейнічаюць па ўсім рэгіёне і перамяшчаюцца», — сказаў кіраўнік PST у Заходняй Нарвэгіі Торгілс Лутра ў інтэрвію NRK.

Паводле яго, што PST раскрыла некалькі расейскіх агентаў, але дакладную іх колькасьць не называлі.

«Агенты расейскай выведкі працуюць супраць розных мэтаў, такіх як важныя і ўразьлівыя аб’екты інфраструктуры і вайсковыя абʼекты. Яны таксама маюць ясную мэту раскрыць наврэскія працэдуры гатоўнасьці да надзвычайных сытуацый», — дадаў ён.

У Заходняй Нарвэгіі разьмяшчаюцца найбуйнейшая ў Паўночнай Эўропе ваенна-марская база Хааконсвэрн, а таксама важныя нафтагазавыя абʼекты, такія як Мангстад, Колснэс і Стурэ, а таксама электрастанцыі і іншыя энэргетычныя абʼекты, вакол якіх зафіксавалі падазроную актыўнасьць.

«Зразумела, што адна з мэтаў Расеі — выставіць нас у дрэнным сьвятле. Яны паспрабуюць паказаць, што мы сябе не кантралюем або што мы ня можам дапамагчы нашым хаўрусьнікам з экспартам у магчымых будучых сытуацыях», — патлумачыў Торгілс Лутра.

PST сьцьвярджае, што дзейнасьць расейскай выведкі на тэрыторыі Нарвэгіі ўзмацнілася пасьля поўнамаштабнага нападу Расеі на Ўкраіну ў лютым 2022 году.

На тле расейска-ўкраінскай вайны ўлады Нарвэгіі выслалі больш за 15 супрацоўнікаў амбасады Расеі ў Нарвэгіі праз падазрэньне ў выведнай дзейнасьці. У выніку Расеі прыйшлося перагледзець свае выведныя інструмэнты.

«Нам няпроста высьветліць, хто гэтыя агенты. Яны зьмешваюцца з натоўпам, што таксама зьяўляецца іх працай. Яны неабавязкова маюць расейскае грамадзянства, але яны могуць матывавана дзейнічаць ад імя Расеі, напрыклад грашыма або пагрозамі», — растлумачыў ён.

Паводле яго, Расея гатова ісьці на ўсё большую рызыку, каб атрымаць усю інфармацыю . «Нам у PST відавочна, што Расея рыхтуецца да іншай сытуацыі з ворагам, чым тая, што ёсьць сёньня», — падкрэсьліў Торгілс Лутра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG