Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна выйшла з пагадненьня аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя, заключанага ў 1992-ым у Менску


Кабінэт міністраў Украіны. Ілюстрацыйнае фота
Кабінэт міністраў Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Украіна выйшла з пагадненьня зь дзяржавамі — удзельніцамі СНД аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя насельніцтва, заключанага 26 чэрвеня 1992 году ў Менску.

Пра гэта паведаміў 30 красавіка ў сваім тэлеграм-канале прадстаўнік Кабінэта міністраў у Вярхоўнай радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук.

Таксама, паводле Мельнічука, Украіна выйшла з пратаколаў аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў да пагадненьня, падпісаных 18 верасьня 2003 году ў Ялце і 25 лістапада 2005 году ў Маскве.

24 красавіка стала вядома, што Ўкраіна выйшла з 4 дамоваў, падпісаных у межах СНД (аб мадэрнізацыі цывільнай авіяцыі, аб стварэньні Міждзяржаўнай фінансава-прамысловай групы «Інтэрнавігацыя», аб узгодненым разьвіцьці міжнародных транспартных калідораў і аб гарманізацыі патрабаваньняў да дадатковага навучаньня і прафэсійнай кампэтэнтнасьці міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў), а таксама спыніла дзеяньне пагадненьня аб супрацоўніцтве ў галіне дзяржаўнага выпрабаваньня і аховы гатункаў расьлін зь Беларусьсю.

Якія яшчэ пагадненьні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна

Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне. У тым ліку:

  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях;
  • аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
  • аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
  • аб паветраных зносінах;
  • аб свабодным гандлі;
  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
  • аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
  • аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
  • аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
  • аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
  • аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
  • аб супрацы ў сфэры кіналёгіі;
  • аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
  • аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
  • аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
  • аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
  • аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
  • аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
  • аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.

Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны, хоць у парлямэнце пэрыядычна абмяркоўваюць гэтае пытаньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG