Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спыніла дзеяньне пагадненьня з Украінай аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі, якое ўжо страціла моц


Пастанову аб спыненьні дзеяньня пагадненьня з Украінай аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях падпісаў кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка
Пастанову аб спыненьні дзеяньня пагадненьня з Украінай аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях падпісаў кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка

Украіна выйшла з гэтага і яшчэ двух адукацыйных пагадненьняў яшчэ 9 красавіка 2022 году, пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

Савет міністраў Беларусі спыніў дзеяньне пагадненьня з Украінай аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і вучоных званьнях, падпісанага ў Менску 6 лютага 1998 году.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, урад прызнаў сваю пастанову 1995 году, на падставе якой падпісвалася гэтае пагадненьне, той, што страціла юрыдычную моц.

Дакумэнты дзяржаўнага ўзору аб сярэдняй і прафэсійна-тэхнічнай адукацыі, выдадзеныя ў Беларусі і Ўкраіне, прызнаваліся раўназначнымі і дазвалялі працягваць навучаньне на наступным узроўні ў любой з гэтых краін.

Пры прыёме на працу не рабілася розьніцы паміж дыплёмамі і атэстатамі аб заканчэньні прафэсійна-тэхнічных (у Беларусі) і прафэсійных (ва Ўкраіне) устаноў адукацыі, дыплёмамі аб заканчэньні беларускіх спэцыяльных навучальных устаноў і сэртыфікатамі малодшых спэцыялістаў, выдадзеных украінскімі ВНУ.

Украіна выйшла з гэтага і яшчэ двух адукацыйных пагадненьняў яшчэ 9 красавіка 2022 году, пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

Згодна з гэтымі дакумэнтамі, яны страчваюць сваю юрыдычную моц праз 6 месяцаў пасьля атрыманьня паведамленьня аднаго з бакоў аб выхадзе з дакумэнту. Такім чынам, пагадненьне, дзеяньне якога цяпер спыніў урад Беларусі, ужо ня дзейнічала з канца 2022 году.

9 красавіка 2022 году ўрад Украіны спыніў дзеяньне дамовы зь Беларусьсю аб супрацы ў галіне атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі і пагадненьня аб супрацы ў галіне навукі і тэхналёгій. Абодва гэтыя дакумэнты бакі падпісалі 16 траўня 2000 году ў Менску.

Украіна ўжо выйшла або спыніла дзеяньне больш як 30 міжнародных пагадненьняў і ўгодаў зь Беларусьсю. Паводле ацэнак украінскага боку, пакуль яшчэ застаюцца дзейнымі каля 100 міжнародных дакумэнтаў, падпісаных на дзяржаўным, урадавым і галіновым узроўнях паміж Украінай і Беларусьсю, каля 300 — з Расеяй і амаль 200 — у межах СНД.

Парлямэнцкі камітэт замежных справаў заклікаў урад Украіны падрыхтаваць іх пералік для далейшага спыненьня дзеяньня і выхаду зь іх Украіны.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG