Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціханоўская таксама сутыкаецца з сэксізмам». Экспэртка тлумачыць, чаму жанчыны неахвотна ідуць у палітыку і праз што сыходзяць зь яе


Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Юлія Міцкевіч. Жанчыны ў палітыцы. Ілюстрацыйны каляж.
Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава, Юлія Міцкевіч. Жанчыны ў палітыцы. Ілюстрацыйны каляж.

Чаму жанчыны неахвотна ідуць у палітыку і праз што сыходзяць зь яе? Ці адкрыла лідэрства Сьвятланы Ціханоўскай дарогу жанчынам на пазыцыі, дзе прымаюць рашэньні? І чаму сярод лідэраў 12 выбарчых сьпісаў у Каардынацыйную раду толькі чатыры жанчыны?

На гэтыя пытаньні адказвае сябра Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Эўропы, лідэрка фэмфракцыі 2-га складу Каардынацыйнай рады, гендэрная экспэртка Юлія Міцкевіч.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

«Жанчынам бывае вельмі складана прасунуцца ў палітыцы, якая ўсё яшчэ вельмі мужчынская справа»


— Пачну размову з выбарчых сьпісаў, пададзеных у Каардынацыйную раду. Лідэры сьпісаў — Георгі Дзьмітрук, Аляксандар Азараў, Вадзім Кабанчук, Аляксандар Дабравольскі, Вадзім Пракоп’еў, Павал Латушка ды іншыя, і чатыры лідэркі сьпісаў, жанчыны (напачатку было тры). Гэта Роза Турарбекава, Лізавета Пракопчык, Надзея Нортан і Тацяна Мартынава. Як вы ацэньваеце такую прапорцыю?

— Гэтыя суадносіны паказваюць у цэлым расклад сілаў па гендэрнай прыналежнасьці ў цяперашнім складзе палітычных дэмакратычных сілаў Беларусі. Ці стане гэты расклад іншым? Думаю, што прыкладна такім жа і захаваецца, але дзякуючы гендэрным квотам як мінімум 40% жанчын у сьпісах будзе ва ўсіх, і 20% у тых, хто называе сябе парамілітарысцкімі арганізацыямі. Гэта дзьве арганізацыі сярод сьпісаў на дадзены момант. Гэтыя 20% могуць крыху ўнесьці дысбалянс у гэтыя 40%. Але ў цэлым балянс плюс-мінус захаваецца. І гэта вельмі добра, таму што бяз гендэрных квотаў расклад быў бы значна іншы. Магло быць толькі 5% жанчын, 10%, можа 15%.

— Гэтыя выбары будуць праходзіць з гендэрнымі квотамі. У кожным сьпісе мае быць каля 40% жанчын, інакш ён ня будзе зарэгістраваны. Квоты — вынік працы фэмфракцыі ў КР. Чаму вы лічыце гендэрныя квоты ў цяперашняй сытуацыі эфэктыўным інструмэнтам?

— Гэта вынік працы ня толькі фэмфракцыі. Мы былі ў моцнай зьвязцы з фракцыяй «Адзінства па-над межамі». Каляжанкі зь іншых фракцый моцна дапамагалі і прасоўвалі гэтую тэму. Прасоўваньне квотаў ішло складана не ў самой КР. Склад другога складу Каардынацыйнае рады — больш прагрэсіўны. Гэта зьвязана з тым, што была вялікая колькасьць прадстаўнікоў, арганізацый і ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці, дыяспар... Калі згадаць нашы абмеркаваньні ў грамадзкім аргкамітэце, куды ўваходзілі ў тым ліку прадстаўнікі палітычных структураў, сілавога блёку, то там мы бачылі вельмі моцны супраціў. Першапачаткова парамілітарысцкія арганізацыі вельмі хацелі, каб квот у іх не было ўвогуле. Мы пайшлі на кампраміс і зьнізілі для іх да 20%, аднак увесь час чулі і ад іх, асабліва ад прадстаўнікоў палітычных партый, што гендэрныя квоты — непатрэбны мэханізм, гэта ўсё лухта, цяпер не да гендэрных квотаў. Як мы часта чуем, што цяпер не да гендэрнай роўнасьці, што ёсьць пытаньні важнейшыя.

Для таго каб прасунуць жанчын, каб захаваць балянс унутры палітычных сілаў, квоты патрэбныя. Гэта такі інструмэнт, які дазваляе і дапамагае пашырыць прадстаўніцтва жанчын. Чаму гэта трэба? Таму што плюс-мінус 50% любога грамадзтва складаюць жанчыны. Калі яны аказваюцца не прадстаўленымі ці прадстаўленымі ў меншай ступені, то такім чынам атрымліваецца, што яны не ўплываюць на прыняцьце рашэньняў, адпаведна, парушаюцца іх правы. Пытаньні, якія тычацца іх, вырашаюцца бязь іх. Адпаведна, жанчыны павінны быць у палітыцы. Жанчынам бывае вельмі складана прасунуцца ў палітыцы, якая ўсё яшчэ вельмі мужчынская справа.

«Калі мы робім нейкія памылкі, то на нас вельмі моцна абрынаюцца, зусім ня так, як гэта адбываецца з мужчынамі»

— Нядаўна адбыўся стратэгічны Фэмфорум, на якім, сярод іншага, абмяркоўвалася тэма жанчын у палітыцы. І калі ўсім удзельніцам форуму задалі пытаньне: а чаму вы яшчэ не ў палітыцы? — было дастаткова розных пераканаўчых адказаў. Які ваш адказ — чаму жанчыны не ідуць у палітыку цяпер?

— Гэта вельмі складана — прыйсьці ў палітыку. Гендэрныя стэрэатыпы і перадузятасьць — у выніку мы сацыялізуемся такім чынам, што мы не нацэленыя на ўдзел у палітыцы і нейкі кар’ерны рост. Нават прыйшоўшы ў палітыку, прыходзіцца пераадольваць вельмі шмат бар’ераў унутры, працаваць удвая, утрая больш, каб даказаць, што мы годныя таго, каб там быць. Калі мы робім нейкія памылкі, то на нас вельмі моцна абрынаюцца. Зусім ня так, як гэта адбываецца з мужчынамі. У палітыцы, у тым ліку беларускай, вельмі шмат сэксізму. У жанчын часта прысутнічае сындром самазванкі, які таксама складана пераадольваць. Шмат унутраных страхаў. Мы бачым, што ў палітыцы жанчыны часта не знаходзяць падтрымкі ня толькі з боку мужчын, але і з боку іншых жанчын, бо, акрамя сэксізму, прысутнічае ўнутраная мізагінія. Усё гэта не дае ўнутранага жаданьня і матывацыі гэтым займацца. Трэба мець шмат рэсурсаў. Што тычыцца беларускай палітыкі і канкрэтна Каардынацыйнай рады, то гэта яшчэ і пытаньне бясьпекі, бо КР прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Жанчыны часта адказваюць ня толькі за сябе, але і за сваіх родных, непакояцца за сваіх дзяцей. Адзін элемэнтаў, чаму жанчыны ў цэлым не ідуць у палітыку, — гэта ў тым ліку таму, што на іх ёсьць гэтая падвойная, патройная нагрузка. Каб займацца палітыкай, трэба мець шмат вольнага часу і рэсурсаў. У нас ёсьць хатнія справы, якія часта, паводле статыстыкі, у большай ступені робяць жанчыны. Ёсьць дзеці, ёсьць родныя, пра якіх трэба клапаціцца. Ёсьць шмат іншых момантаў, якія трэба пераразьмяркоўваць. Таму ўзьнікае пытаньне — ці ёсьць сапраўды ў мяне для гэтага неабходныя рэсурсы? Я ведаю каляжанак, якія былі ў КР і кажуць, што больш туды ня пойдуць, таму што яны пабачылі, што патрачаны час і рэсурсы не апраўдваюць сябе. Укладаньні значна большыя, чым аддача.

— На першай канфэрэнцыі «Вольная Беларусь», калі былі абвешчаныя імёны сябраў кабінэту (Латушка, Кавалеўскі, Сахашчык і Азараў), вы ўсталі і публічна заявілі, што ў кабінэце павінны быць і жанчыны. Пасьля дзьве жанчыны ўвайшлі ў кабінэт — Тацяна Зарэцкая і Аліна Коўшык. Пазьней пагадзілася ўвайсьці ў кабінэт Вольга Гарбунова. Ці дастаткова гэтага, з вашага пункту гледжаньня?

— Не, канечне, недастаткова. Жанчын усё роўна меней і ў кабінэце, і ў Офісе, і ў КР, чым мужчын. Калі я ўстала і сказала пра гэта, мой пойнт быў ня толькі пра колькасную прадстаўленасьць, але і пра якасную. Каб пытаньні правоў жанчын і гендэрнай роўнасьці ставіліся і былі б прыярытэтнымі ў палітычных дэмакратычных структурах, чаго дагэтуль мы ня бачым. Так, нейкія зьмены крыху мы назіраем у рыторыцы Сьвятланы Ціханоўскай, калі яна выступае на розных міжнародных мерапрыемствах сярод жанчын-лідэрак. Гэта вельмі здорава. Я думаю, што Ціханоўская таксама, як сама кажа, сутыкаецца з сэксізмам у адносінах да сябе і разумее, як гэта працуе.

«Колькі было выліта на Тацяну Зарэцкую бруду, як паласкалі яе ніжнюю бялізну, дастаючы гісторыі зь яе мінулага, якія ня тычыліся гэтай сытуацыі»

— Пра што сьведчыць кейс Тацяны Зарэцкай?

— Вельмі добра памятаю, якая колькасьць хэйту абрынулася на яе. Яна казала, што ёй пісалі нейкія ананімныя лісты з пагрозамі, ня толькі ёй, але яе родным і сябрам. Яе кейс вельмі добра паказвае, што адбываецца з жанчынай у палітыцы, калі яны робяць нейкую памылку.

— Нагадаю, што прыкладна ў той жа час зьявілася інфармацыя пра расейскі пашпарт Сахашчыка, але вынік двух скандалаў зь сябрамі кабінэту быў розны. Ці ёсьць тут нейкая заканамернасьць?

— Да жанчын і мужчын выстаўляюцца розныя патрабаваньні, асабліва калі зьяўляецца нейкая інфармацыя пра іх, якая скандальная ці зьвязаная з памылкамі. Мы бачым розны вынік, чым усё скончылася. Мы бачылі розны мэдыйны складнік гэтых гісторый. Колькі было выліта на Тацяну бруду, як паласкалі яе ніжнюю бялізну, дастаючы гісторыі зь яе мінулага, якія ня тычыліся гэтай сытуацыі. Калі іншыя жанчыны глядзяць на такую сытуацыю і гісторыю, у галаве ў нас, у мяне ў тым ліку, круцілася думка, што трэба шмат сьмеласьці і рэсурсу, каб прайсьці праз гэта, не зьвяртаць на гэта ўвагі, што вельмі складана зрабіць.

— Калі зьявілася «жаночае трыё», а потым Сьвятлана Ціханоўская ўзначаліла дэмакратычныя сілы, я даволі часта чула ў інтэрвію пра тое, як беларускі і беларусы прасунуліся ў справе гендэрнай роўнасьці. Расейцы асабліва захапляліся, замежныя СМІ пісалі пра жаночую рэвалюцыю. Наколькі прасунуліся? Ці вынік жаночай рэвалюцыі такі самы, як і вынік мірнай рэвалюцыі 2020 году — рэзкі адкат?

— Калі мы гаворым пра грамадзтва ў цэлым, то гэты адкат назад відавочны. Нават тэма гендэрных квотаў, якую рэакцыю яна выклікала, якое непрыняцьце, і гэтыя размовы пра тое, што навошта гэтым цяпер займацца. Гэта пісалі і жанчыны ў тым ліку. Але калі ўзгадаць 2020 год, памятаю вельмі добра, як жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэсьце, казалі (было шмат інтэрвію і дасьледаваньняў), што яны інакш настроеныя, што яны адчулі сваю субʼектнасьць, што іх немагчыма будзе засунуць назад і ў іх ня будзе больш такога да сябе стаўленьня, што зь іхнай думкай можна не лічыцца, што іхныя правы можна парушаць.

Мы ў фэмсупольнасьці працуем з рознымі жанчынамі, не абавязкова тымі, якія лічаць сябе фэміністкамі, але і з актывісткамі ў розных сфэрах. Яны па-ранейшаму так і лічаць. Але калі паглядзім на палітычны расклад дэмсілаў, як цяпер гэтыя пытаньні гучаць ці не гучаць, то мы назіраем гэты адкат, на жаль.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG