Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асноўная рызыка для нацыянальнай бясьпекі Беларусі — вайна ва Ўкраіне і абвінаваціў ЗША ў намеры ўцягнуць Беларусь у гэты канфлікт. Пры гэтым Лукашэнка не згадаў, што вайну ва Ўкраіне вядзе Расея і ён сам цалкам падтрымаў ваенную агрэсію Пуціна.
«Сёньня пагаворым пра тое, якія сілы і сродкі нагнятаюць пагрозы нашай нацыянальнай бясьпецы. Асноўную рызыку стварае гарачы пункт у рэгіёне — вядома ж, Украіна. Вашынгтон робіць усё, каб уцягнуць у канфлікт нашу краіну. Запусьціць мэханізм уцягваньня іншых дзяржаў, то бок паслабіць і заходні, і ўсходнеэўрапейскі рэгіёны», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
25 красавіка на Ўсебеларускім народным сходзе абмяркоўваюць Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі.
Лукашэнка заявіў, што «Вашынгтон актывізаваў, пры гэтым істотна, захады ў праверцы гатоўнасьці да прымяненьня кампанэнтаў ядзернай трыяды ЗША. Разьмешчаную на тэрыторыі дзяржаў NATO тактычную ядзерную зброю мадэрнізуюць паскоранымі тэмпамі».
«Улічваючы цяперашнія рэаліі, трэба разумець, што сыстэма забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі аб’ектыўна ня можа застацца нязьменнай, у ёй зьявіцца новая тэма — ядзернае стрымліваньне. Тыя, хто падштурхнуў нас да гэтага, павінны пра гэта ведаць і цьвяроза глядзець на адназначныя наступствы сваіх, мякка скажам, неасьцярожных рашэньняў», — дадаў ён.
Форум