Наргес Махамадзі прызналі вінаватай у распаўсюджваньні прапаганды, накіраванай супраць Ісламскай рэспублікі Іран, і пакаралі дадатковымі 15 месяцамі пазбаўленьня волі.
Апрача таго, пасьля вызваленьня ёй на два гады будзе забаронена карыстацца сродкамі сувязі, весьці палітычную дзейнасьць і выяжджаць з Ірану.
Наргес Махамадзі — палітычная і грамадзянская актывістка, абаронца правоў жанчын і праціўніца сьмяротнага пакараньня. Іранскія ўлады 13 разоў яе арыштоўвалі, пяць разоў судзілі, прысудзіўшы агулам 154 удараў бізуном і 31 год зьняволеньня.
Цяпер Махамадзі адбывае пакараньне ў тэгеранскай турме Эвін, дзе часта ўтрымліваюцца праціўнікі рэжыму. Раней яна абвяшчала галадоўку, бо ёй не давалі мэдычнае дапамогі. ААН і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Махамадзі палітзьняволенай і заклікаюць да яе вызваленьня.
У 2023 годзе Махамадзі стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Ад яе імя атрымалі прэмію і прачыталі напісаную ёю ў турме нобэлеўскую лекцыю яе дзеці. Афіцыйны Тэгеран абвінаваціў Нобэлеўскі камітэт ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы і «палітызацыі» тэмы правоў чалавека.
Раней Махамадзі абвяшчала галадоўку пратэсту супраць умоваў утрыманьня ў турме Эвін, а таксама супраць патрабаваньня іранскіх уладаў, каб жанчыны насілі хіджаб. Улады Ірану адмовіліся перавесьці праваабаронцу з турмы ў шпіталь. Па словах яе мужа Тага Рахмані, турэмныя чыноўнікі праігнаравалі меркаваньне турэмнага лекара, які агледзеў Махамадзі, выявіў «крытычны ціск у лёгкіх і дрэнны стан артэрый» і даў рэкамэндацыю перавесьці яе для лячэньня ў цывільную бальніцу.
Наргес Махамадзі атрымала Нобэлеўскую прэміі міру 2023 году за «барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і заахвочваньне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».
На працягу многіх гадоў яна выказвала свой пратэст супраць правілаў абавязковага нашэньня хіджабу, уведзеных для іранскіх жанчын, а таксама супраць абмежаваньняў правоў і свабодаў жанчын у Іране.
Рашэньне прысудзіць ёй Нобэлеўскую прэмію зьвязана, у прыватнасьці, з масавай кампаніяй пад лёзунгам «Жанчына. Жыцьцё. Свабода», якая пачалася ў Іране пасьля леташняй сьмерці актывісткі Махсы Аміні. Удзельнікі кампаніі выступаюць за правы жанчын і, у прыватнасьці, супраць абавязковага нашэньня хіджабу. Масавыя акцыі жорстка падаўляліся ўладамі.
У зьняволеньні знаходзіцца і беларускі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.