Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва высылае колішняга «загадчыка гаспадаркі» Януковіча. Украіна яго не вышуквала


Андрэй Кравец. Архіўнае фота
Андрэй Кравец. Архіўнае фота

Пасьля масавых акцый пратэсту ў 2013–2014 гадах, калі Віктар Януковіч уцёк у Расею, з Украіны ўцёк і Андрэй Кравец. Публічнай інфармацыі аб тым, што праваахоўныя органы Ўкраіны завялі супраць яго крымінальную справу і абвясьцілі ў вышук, не было.

Улады Літвы анулявалі дазвол на жыхарства грамадзяніну Ўкраіны Андрэю Краўцу, які пры прэзыдэнце Віктару Януковічу ачольваў Дзяржаўнае ўпраўленьне справамі.

Як паведаміла выданьне delfi.lt, Андрэй Кравец разам зь сям’ёй атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве ў 2014 годзе і стварыў свой бізнэс.

Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі (ДДБ) Літвы зьвярнуў на яго ўвагу толькі ў пачатку 2023 году, праз год пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Кравец з жонкай Марынай Пеліх удзельнічалі ў прысвойваньні рэжымам Януковіча мінімум 35 мільярдаў эўра зь бюджэту Ўкраіны, займаліся фінансамі прэзыдэнта, раскошай ягонай сядзібы», — працытавала выданьне адпаведны дакумэнт ДДБ, на падставе якога суд пазбавіў украінца дазволу на жыхарства.

Паводле літоўскай спэцслужбы, Кравец і ягоная жонка працавалі на «прарасейскі рэжым» ва Ўкраіне, таму яны могуць мець ляяльнасьць да Расеі, якая зьяўляецца пагрозай для Літвы. Менавіта таму расейскія спэцслужбы маглі іх выкарыстаць «у сваіх мэтах».

Хто такі Андрэй Кравец

Андрэй Кравец ачоліў Дзяржаўнае кіраўніцтва справамі ў 2010 годзе пасьля перамогі Віктара Януковіча на прэзыдэнцкіх выбарах.

Дзяржаўнае кіраўніцтва справамі — спэцыяльны дзяржаўны орган, які займаецца матэрыяльна-тэхнічным, сацыяльна-бытавым і іншым забесьпячэньнем дзейнасьці прэзыдэнта, Вярхоўнай Рады, Кабінэту міністра, Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, дыпляматычных прадстаўніцтваў іншаземных краін на тэрыторыі Ўкраіны, а таксама іншых дзяржаўных органаў.

Андрэй Кравец уваходзіў у так званую «сям’ю Януковіча» — найбліжэйшае палітычнае атачэньне і бізнэс-кола Віктара Януковіча і ягонага сына Аляксандра. Палітолягі называлі «сям’ю Янковіча» алігархічным кланам.

У 2008 годзе ён зьяўляўся намесьнікам кіраўніка Партыі рэгіёнаў.

Пасьля масавых акцый пратэсту ў 2013-2014 гадах, калі Віктар Януковіч уцёк у Расею, з Украіны ўцёк і Андрэй Кравец. Публічнай інфармацыі аб тым, што праваахоўныя органы Ўкраіны завялі супраць яго крымінальную справу і абвясьцілі ў вышук, не было.

Андрэй Кравец і ягоная жонка Марына Пеліх неаднаразова былі фігурантамі расьсьледаваньняў праекту «Схемы» украінскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG