У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што 23 красавіка каля тысячы прызыўнікоў разьмяркуюць у Сілы спэцыяльных апэрацый, 72-і аб’яднаны навучальны цэнтар і Менскую вайсковую камэндатуру.
«На ўкамплектаваньне Ўзброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаваньня Рэспублікі Беларусь у красавіку-траўні плянуецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі.
У ведамстве ўдакладнілі, што студэнты першага курсу вышэйшых навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю, якія маюць права на адтэрмінаваньне, могуць быць прызваныя ў войска на службу ў рэзэрве і праходзіць яе на канікулах.
Адпраўка прызыўнікоў у войска пачнецца 23 красавіка. У красавіку-траўні на службу ў войска накіруюць каля 10 тысяч чалавек.
Цырымонія прыняцьця вайсковай прысягі адбудзецца 25 траўня.
Вясной у прызыўныя камісіі выклічуць каля 40 тысяч беларусаў, што на 20 тысяч менш, чым падчас леташняга восеньскага прызыву.