Украіне з гэтых сродкаў прадугледжана выдзяленне амаль $61 млрд. Пры галасаваньні па законапраекту было пададзена 311 галасоў «за» і 112 «супраць». Мяркуецца, што Кіеў атрымае зброю і іншае садзеяньне, неабходнае ўкраінскай арміі для адбіцця расейскай агрэсіі.
Пазьней сёньня сябры Палаты прадстаўнікоў ухвалілі дапамогу ў забесьпячэньні бясьпекі Тайваня і саюзьнікам ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне. Таксама былі ўхваленыя меры садзеяньня Ізраілю.
У сувязі з прыняцьцем пакета дапамогі для Ўкраіны зазначаецца, што сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан раней на гэтым тыдні вырашыў праігнараваць пагрозы адстаўкі з боку некалькіх членаў Рэспубліканскай партыі і паставіць пытаньне на галасаваньне.
Таксама большасьць заканадаўцаў ад дзьвюх вядучых партый раней прагаласавалі на карысьць мер, якія могуць забараніць у краіне прыкладаньне для сацыяльных сетак TikTok, калі кітайская мацярынская кампанія ByteDance не прадасьць яго іншаму ўладальніку на працягу году.
У гэты законапраект уключаныя і іншыя, ня зьвязаныя з TikTok палажэньні, такія як новыя санкцыі супраць Кітаю, Расеі ды Ірану, а таксама магчымасьць продажу замарожаных сувэрэнных расейскіх рэзэрваў і выкарыстаньне выручаных сродкаў у інтарэсах Украіны.
Кіраўнік Белага дому ўжо заклікаў сэнатараў як мага хутчэй адправіць закон яму на подпіс.
Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прывітаў вынікі галасаваньня ў Вашынгтоне, падкрэсьліўшы, што яго зыход «выратуе тысячы і тысячы жыцьцяў». «Мы спадзяемся, што законапраекты будуць падтрыманы ў Сэнаце і адпраўлены на стол прэзыдэнту Байдэну. Дзякуй, Амэрыка», — напісаў Зяленскі ў сацсетцы X.
Больш разгорнута Ўладзімір Зяленскі пракамэнтаваў рашэньне ніжняй палаты Канрэсу ЗША ў сваім Тэлеграм-канале:
«Сёньня адбылося галасаваньне Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў. Дзякуй кожнаму і кожнай, хто падтрымаў наш пакет: гэтае рашэньне для абароны жыцьця. Дзякуй асабіста сьпікеру Майку Джонсану, усім амэрыканскім сэрцам, якія, як і мы ва Ўкраіне, адчуваюць, што расейскае зло сапраўды не павінна выйграваць. Спадзяюся, што разгляд пакета ў Сэнаце ЗША і накіраваньне прэзыдэнту Байдэну будуць дастаткова хуткімі.
Мы цэнім кожную праяву падтрымкі нашай дзяржавы і незалежнасьці, нашых людзей і жыцьця нашага, якое Расея так хоча закапаць у руінах. Амэрыка зь першых дзён вайны выяўляла сваё лідэрства. Менавіта такое амэрыканскае лідэрства жыцьцёва важнае для таго, каб у сьвеце захаваўся міжнародны парадак, заснаваны на правілах і прадказальнасьці жыцьця для ўсіх народаў. Безумоўна, мы выкарыстоўваем амэрыканскую падтрымку, каб умацаваць абодва нашы народы і наблізіць справядлівае завяршэньне гэтай вайны — вайны, якую Пуцін павінен прайграць».
У пятніцу, 19 красавіка, Палата прадстаўнікоў ЗША падтрымала разгляд пакету законапраектаў аб аказаньні фінансавай дапамогі Ўкраіне, Ізраілю і Тайваню на працэдурным галасаваньні.
- Кангрэс ЗША з восені мінулага году з прычыны рознагалосьсяў паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі ня мог ухваліць пакет дапамогі для Ўкраіны. Бюджэт для Кіева ўваходзіў у агульны законапраект на дзясяткі мільярдаў даляраў аб нацыянальнай бясьпецы ЗША. Рэспубліканцы адмаўляліся прыняць яго з прычыны адсутнасьці ў ім мер па ахове межаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.