Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны NATO дамовіліся перадаць Украіне больш сыстэм СПА


Зэнітны ракетны комплекс Patriot
Зэнітны ракетны комплекс Patriot

Краіны NATO дамовіліся перадаць Украіне дадатковыя сыстэмы супрацьпаветранай абароны, паведаміў генэральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнбэрг. Ён зрабіў гэтую заяву пасьля пасяджэньня Рады Ўкраіна — NATO, якое прайшло ў пятніцу.

«Акрамя сыстэм СПА Patriot, ёсьць і іншая зброя, якую саюзьнікі могуць даць, у тым ліку SAMP/T. Многія іншыя саюзьнікі, у якіх няма даступных сыстэм, абавязаліся даць фінансавую дапамогу, каб набыць гэтыя сыстэмы для Ўкраіны», — перадае словы Столтэнбэрга агенцтва Reuters.

Генэральны сакратар NATO не ўдакладніў, колькі новых сыстэм СПА атрымае Ўкраіна, але сказаў, што чакае паведамленьняў наконт гэтага бліжэйшымі днямі.

Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папрасіў правесьці пасяджэньне Рады Ўкраіна — NATO, яно прайшло ў рэжыме онлайн. Украіна сутыкаецца зь недахопам боепрыпасаў, бо Кангрэс ЗША некалькі месяцаў ня можа прыняць пакет дапамогі Ўкраіне, а ў Эўразьвязу не выходзіць паставіць боепрыпасы ў заплянаваныя тэрміны.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба раней заявіў, што Ўкраіне вядома пра наяўнасьць у арсэналах саюзных краін ста сыстэм СПА. Ён зьвярнуўся з просьбай перадаць хаця б сем батарэй Patriot для абароны ўкраінскіх гарадоў.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы Жузэп Бурэль заклікаў саюзьнікаў даць Украіне больш сродкаў СПА, у прыватнасьці ЗРК Patriot. У чацьвер, 18 красавіка, на сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі» ў Брусэлі ён заявіў, што гэта трэба зрабіць незалежна ад таго, якое рашэньне прымуць у Вашынгтоне наконт фінансаваньня вайсковай дапамогі Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG