«Уладзімер Козыр мае вялікі досьвед, высокую кваліфікацыю і навыкі, якія дазваляюць пасьпяхова рэалізоўваць стратэгічныя задачы і праекты. Доўгі час працаваў па кірунках эканомікі і сувязі. Да прыходу ў МТС займаў кіроўныя пасады ў праваахоўных органах Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы МТС.
Уладзімер Козыр нарадзіўся ў 1970 годзе ў вёсцы Савічы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. У 1993 годзе скончыў Санкт-Пецярбурскі мэханічны інстытут (Расея), у 2019-м — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, паведамляе МТС.
Вядома, што ў 2020 годзе Козыра прызначылі начальнікам упраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласьці. Да гэтага ён узначальваў апэратыўна-пошукавае ўпраўленьне КДБ. Таксама ў 2020 годзе Козыр стаў чальцом Менскага аблвыканкаму і Менскага гарвыканкаму.
Нядаўна стала вядома, што пасаду гендырэктара МТС пакінуў Уладзіслаў Андрэйчанка, сын былога старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі, які кіраваў кампаніяй з 2021 году.
Падчас пратэстаў у жніўні 2020 году ў Беларусі кампанія МТС разам зь іншымі апэратарамі сувязі блякавала доступ карыстальнікаў да інтэрнэту. У кастрычніку 2020 году частка супрацоўнікаў кампаніі правяла акцыю пратэсту і заклікала да страйку.