Такі прагноз зрабілі экспэрты Эўразійскага банку разьвіцьця (ЭАБР), паведамляе партал «Люстэрка». На іх думку, адна з прычын гэтага — дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў у Беларусі.
У сакавіку, як і ў лютым, інфляцыя ў Беларусі ў гадавым вымярэньні была на ўзроўні 5,6%. Пры гэтым аналітыкі ЭАБР бачаць рызыкі, што інфляцыя ў Беларусі разгоніцца яшчэ больш.
«Ва ўмовах дзейнага адміністрацыйнага рэгуляваньня цэны вельмі абмежавана могуць рэагаваць на рост унутранага попыту, што фармуе інфляцыйны ціск на сярэднетэрміновым гарызонце», — чакаюць у банку.
- 6 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка забараніў падвышаць цэны. Для гэтага ўвялі адмысловую дырэктыву № 10. 19 кастрычніка таго ж году ўрад Беларусі прыняў альтэрнатыву — пастанову аб рэгуляваньні цэнаў на пэўныя тавары: увялі гранічныя надбаўкі для імпартэраў і гандлю.
- На гэтым фоне ў гандлі па ўсёй Беларусі арганізавалі маштабныя рэйды. На бізнэс заводзілі крымінальныя справы, судзілі (напрыклад, за падвышэньне цаны на сыр на 26 капеек дырэктару крамы далі 2 гады з адтэрміноўкай).
- У кастрычніку і лістападзе 2022 году ў цэлым па Беларусі зафіксавалі дэфляцыю (зьніжэньне цэнаў), але ў сьнежні цэны зноў пачалі расьці.
- У 2023 годзе Нацбанк неаднойчы паведамляў, што рост рэгуляваных цэнаў апярэджвае агульную інфляцыю ў Беларусі.
- Чыноўнікі неаднаразова казалі, што ня маюць намеру адмяняць пастанову ўраду аб рэгуляваньні цэнаў. Пры гэтым і чыноўнікі, і экспэрты адзначаюць, што дзяржрэгуляваньне пагражае адкладзеным ростам цэнаў.
- У кастрычніку 2023 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя прагнозныя (дэ-факта плянавыя) парамэтры разьвіцьця Беларусі на 2024 год, у якіх інфляцыя была заплянаваная на ўзроўні ня больш за 6%.
9 красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня ведае, да чаго прывядзе дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў.
Тэлеканал Белсат са спасылкай на Нацыянальны банк паведаміў, што за год аб’ём наяўных грошай у Беларусі паболеў на траціну, цяпер у абарачэньні больш за 10 млрд рублёў.
Адначасова апошнія два месяцы павялічваюцца і пераводныя дэпазыты (гэта грошы на картках і бягучых рахунках), цяпер іх 6,5 млрд рублёў.
«Гэта так званыя хуткія грошы, якія вокамгненна можна выдаткаваць на куплю валюты або якіх-кольвек тавараў, — і ў гэтым іх небясьпека», — растлумачыла эканамістка дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна:
«Калі ўзьнікае нейкая шокавая сытуацыя і людзі бягуць у крамы, бягуць па валюту, то гэта аўтаматычна прыводзіць да паскарэньня інфляцыі і павялічвае рызыкі дэвальвацыі беларускага рубля, бо попыт рэзка расьце як на тавары, гэтак і на валюту. Мы ня кажам, што так абавязкова здарыцца, аднак гэта дадатковая рызыка».