Дорыян С., якому прад'явілі абвінавачаньне ў забойстве з матывамі рабунку і гвалту пасьля нападу на беларуску Лізавету ў цэнтры Варшавы, прызнаў сваю віну, паведамляе «Белсат» са спасылкай на Варшаўскую акруговую пракуратуру.
«Падазраваны прызнаўся ва ўчыненьні злачынства. Аднак што да зьместу ягоных тлумачэньняў, я не магу раскрыць больш падрабязна ягоную працэсуальную пазыцыю з увагі на інтарэсы сьледзтва», — сказаў «Белсату» прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Шыман Банна.
Ён адзначыў, што сабраныя доказы дазваляюць не сумнявацца ў тым, што злачынства зьдзейсьніў менавіта 23-гадовы Дор’ян С. Яму пагражае ад 12 гадоў да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі.
Мужчына застаецца пад вартай, арышт санкцыянаваны на прадугледжаныя законам тры месяцы. Калі расьсьледаваньне зацягнецца, пракуратура будзе хадайнічаць наконт падаўжэньня тэрміну. Пакуль жа сьледчыя чакаюць вынікаў псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы.
Першапачаткова Дорыяну С., які напаў на беларуску Лізавету ў цэнтры польскай сталіцы, прадʼявілі падазрэньне ў замаху на забойства, спалучанае з згвалтаваньнем і рабункам, бо ў пракуратуры не было доказаў, што напад стаў непасрэднай прычынай сьмерці беларускі.
Вынікі ўскрыцьця загінулай і сабраныя доказы па крымінальнай справе дазволілі прадʼявіць затрыманаму абвінавачаньне ў забойстве.
- У ноч з 24 на 25 лютага ў цэнтры Варшавы на беларуску Лізавету напаў мужчына. Яна вярталася раніцай дадому, ён прыставіў ёй да шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе зьбіў і згвалтаваў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю.
- Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы Дорыян С. Яго арыштавалі ў той жа дзень.
- Пасьля нападу Лізавета знаходзілася ў цяжкім стане ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталя, была без прытомнасьці на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Нягледзячы на ўсе намаганьні дактароў, 1 сакавіка яна памерла. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных могілках Варшавы.
- Пра трагедыю ў сацсетках выказваліся вядомыя палітыкі, журналісты і актывісты. У сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць — пад гэтым цэтлікам людзі дзяліліся сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.
- Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У галоўных польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы штодня была адной з асноўных.