Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі абмяркоўваюць закон аб іншаземных агентах. У парлямэнце пабіліся дэпутаты, апазыцыя рыхтуе акцыі пратэсту

абноўлена

Акцыя пратэсту ў Кутаісі
Акцыя пратэсту ў Кутаісі

У Грузіі з другой спробы пачалі абмеркаваньне праекту закону аб іншаземных агентах, распрацаванага па аналёгіі з расейскім. Год таму яго зьнялі з разгляду праз масавыя акцыі пратэсту, у выніку якіх адбыліся сутыкненьні з паліцыяй.

Камітэт юрыдычных пытаньняў парлямэнту Грузіі пачаў абмеркаваньне праекту закону «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву», разгляд якога скасавалі год таму з прычыны масавых акцый пратэсту і рэзкай крытыкі эўрапейскіх краін.

Як паведаміла грузінская служба Радыё Свабода, акрэдытаваным журналістам не дазволілі прысутнічаць на пасяджэньні камітэту. У парлямэнт дапусьцілі толькі тэлевізійных журналістаў.

Пазьней на пасяджэньні адбылася бойка паміж дэпутатамі – калі праект закону прадстаўляў адзін зь лідэраў кіроўнай партыі Мамука Мдынарадзэ, на яго напаў лідэр апазыцыйнай партыі «Грамадзяне» Алека Элісашвілі і ўдарыў свайго апанэнта кулаком у твар. Пасьля гэтага абодва дэпутаты выйшлі з залі, але бойка паміж імі працягвалася ўжо ў калідоры.

«Я заўсёды спрабаваў размаўляць з «Грузінскай марай» па-людзку, а яны нас вядуць у Расею… Цяпер ня час сядзець дома, трэба выходзіць на вуліцу. Мы павінны выкінуць іх разам зь іх «расейскім законам». Абрыдла ўсё гэта, і я даў па твары гэтаму расейскаму агенту», – патлумачыў журналістам Алеко Элісашвілі.

Каля будынку парлямэнту ў Тбілісі, а таксама ў розных гарадах Грузіі прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі выйшлі на акцыі пратэсту.

У Кутаісі актывісты сабраліся перад будынкам мэрыі. Яны выйшлі з плякатамі, на якіх напісана «Не — расейскаму закону!». Паводле іх, гэты закон накіраваны на дыскрэдытацыю грамадзянскай супольнасьці.

У Тбілісі ля будынку парлямэнту таксама праходзіць акцыя пратэсту. Увечары 15 красавіка тут плянуюць вялікую акцыю пад назвай «Так — Эўропе! Не — расейскаму закону!» Яе арганізатарамі выступаюць недзяржаўныя арганізацыі.

Парлямэнт Грузіі 7 сакавіка 2023 году прыняў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці іншаземнага ўплыву», які распрацавалі дэпутаты кіроўнай партыі «Грузінская мара». Гэты дакумэнт часьцей называюць «законам аб іншаземных агентах».

Ён абавязвае ўсіх юрыдычных і фізычных асоб, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, рэгістравацца ў спэцыяльным рэестры. У адваротным выпадку парушальнікам пагражае буйны штраф або турэмнае зьняволеньне тэрмінам на 5 гадоў.

Апазыцыя лічыць, што закон мае на мэце прыцясьненьне іншадумства і грамадзянскай актыўнасьці, як гэта адбылося ў Расеі. Таксама яны сьцьвярджаюць, што прыняцьце такога закону зьяўляецца пагрозай для дэмакратыі і будзе перашкаджаць інтэграцыі Грузіі ў Эўразьвяз.

У дзень ухваленьня законапраекту ў першым чытаньні некалькі тысяч пратэстоўцаў супраць гэтага закону выйшлі да будынку парлямэнту ў Тбілісі, некаторыя спрабавалі ў яго прарвацца. Паліцыя разганяла дэманстрантаў вадамётамі, 66 чалавек затрымалі. Пасьля гэтага далейшы разгляд праекту закону скасавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG