Мастак паходзіў з Росі Ваўкавыскага раёну. Мікола Крукаў памёр 14 красавіка, пра што паведаміў горадзенскі мастак Сяргей Грыневіч у фэйсбуку.
Крукаў нарадзіўся 5 жніўня 1959 году. Адзін з найбольш вядомых твораў беларускага мастака — партрэт «Генэрал Булак-Балаховіч». Гэтае палатно, у прыватнасьці, можна было паглядзець на выставе «Код: 25.03.2018», прысьвечанай 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР у 2018 годзе ў менскім Палацы мастацтваў.
Творца з Росі быў адным з мастакоў, якія далучыліся да стварэньня пано «Фэстывальнае» на тарцы дома па вуліцы Савецкай, 6 у Горадні. Гэтае пано выканана ў тэхніцы сграфіта. Яго стварылі з нагоды трэцяга Фэстывалю нацыянальных культур у 2000 годзе паводле эскізаў горадзенскага мастака Аляксандра Сільвановіча, піша hrodna.life.
Акрамя Крукава, у стварэньні бралі ўдзел сам аўтар эскізу, мастакі Сяргей Грыневіч, Васіль Мартынчук і Сяргей Ільін, а таксама цэлая брыгада тынкароў.