Як даведаўся devby, EPAM Sistemos нечакана завяршае партнэрства з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам па праекце EPAM School of Digital Engineering (ESDE). Студэнтам прапануюць працягнуць навучаньне ў ЭГУ на спэцыяльнасьці «Інфарматыка» або перайсьці ў іншыя ВНУ.
Студэнты даведаліся пра гэта 11 красавіка на сустрэчы з адміністрацыяй ЭГУ і дырэктарам літоўскага офіса EPAM. Прычыны такога рашэньня кампанія не назвала са спасылкай на карпаратыўную таямніцу.
Кіраўніцтва ўнівэрсытэту прапанавала студэнтам прадоўжыць навучаньне ў ЭГУ на спэцыяльнасьці «Інфарматыка» ў новай рэарганізаванай філіі. Пры гэтым кіраўніцтва ЭГУ сьцьвярджае, што рэарганізацыя не закране навучальны працэс.
Альтэрнатыва — узяць акадэмічны адпачынак (у гэтым выпадку вернуць грошы за вясновы сэмэстар) або перайсьці ў іншы унівэрсытэт пасьля заканчэньня сэмэстру.
Адзін са студэнтаў ESDE у камэнтары devby распавёў, што многія пакуль ня ведаюць, што рабіць.
«Можна застацца ў ЕГУ, але незразумела, што будзе з праграмай, са структурай курсаў. Хоць і гавораць, што ўсё застанецца гэтак жа, верыцца ў гэта зь цяжкасьцю. Да таго ж, выкладчыкі былі часткова з EPAM. Пераходзіць у іншыя ўнівэрсытэты ня выгадна з прычыны рознасьці праграм і коштаў за навучаньне. У ЭГУ плата за навучаньне за год складае да 2,5 тысяч эўра, а ў іншых унівэрсытэтах у Вільні, калі казаць пра тэхнічныя спэцыяльнасьці, каля 4,2 тысяч эўра за год», — кажа ён.
Школа лічбавай інжынэрыі EPAM (EPAM School of Digital Engineering, у скароце ESDE) — экспэрымэнтальнае падразьдзяленьне EPAM для падрыхтоўкі бакаляўраў і магістраў у партнэрстве з унівэрсытэтамі. Праекты ESDE цяпер працуюць у ВНУ Польшчы, Узбэкістану, Грузіі, Украіны і іншых краін. У 2022 годзе праграма адкрылася ў Літве ў партнэрстве з ЭГУ. У праграме ў ЭГУ — тры спэцыялізацыі на выбар, якія паглыблена вывучаюцца Java EE; .Net; JavaScript/TypeScript.
Навучаньне вядзецца на расейскай мове з паступовым пераходам на ангельскую на старэйшых курсах. Першыя два сэмэстры студэнты праходзяць інтэнсіў па ангельскай мове, а ў праграме навучаньня шырока выкарыстоўваюцца англамоўныя навучальныя матэрыялы.