Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай рэзка павялічыў пастаўкі мікраэлектронікі і іншага абсталяваньня ў Расею, якія тая выкарыстоўвае ў вайне з Украінай


Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Пэкіне 9 красавіка 2024 году
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Пэкіне 9 красавіка 2024 году

Кітай рэзка павялічыў продаж станкоў, мікраэлектронікі і іншых тэхналёгій у Расею, якія тая выкарыстоўвае ў вайне з Украінай, паведамляе Associated Press са спасылкай на двух высокапастаўленых чыноўнікаў з адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.

Сьцьвярджаецца, што ў 2023 годзе каля 90% расейскіх закупак мікраэлектронікі, якая выкарыстоўваецца для вытворчасьці ракет, танкаў і самалётаў, прыпала на Кітай. У апошнім квартале мінулага году амаль 70% імпартаваных Расеяй станкоў на суму 900 мільёнаў даляраў паступілі з Кітаю.

Акрамя таго, Кітай пастаўляе Расеі нітрацэлюлёзу, якая выкарыстоўваецца ў боепрыпасах, аптычныя кампанэнты, якія ўбудоўваюцца ў танкі і бронемашыны, а таксама рухавікі для дронаў і ракет. Акрамя гэтага, кітайскія і расейскія кампаніі працуюць над сумеснай вытворчасьцю дронаў у Расеі, сьцьвярджаюць амэрыканскія чыноўнікі.

Таксама, паводле зьвестак выведкі ЗША, Пэкін пастаўляе Маскве спадарожнікавыя здымкі і дапамагае ёй нарасьціць касьмічны патэнцыял, што ў будучыні можа ўзмацніць расейскую пагрозу Эўропе.

  • Яшчэ ў першыя дні поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выказваў старшыні КНР Сі Цзіньпіну занепакоенасьць тым, што Пэкін ускосна падтрымлівае ваенныя дзеяньні Расеі. У красавіку 2024 году міністар фінансаў ЗША Джанэт Елен падчас візыту ў Пэкін прыгразіла кітайскім банкам санкцыямі за дапамогу ў экспарце тавараў ваеннага і падвойнага прызначэньня ў Расею.
  • На наступным тыдні дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен паедзе на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін «Групы сямі», дзе, як чакаецца, таксама выкажа заклапочанасьць ростам ускоснай падтрымкі Расеі з боку Кітаю, піша AP. У красавіку плянуецца візыт Блінкена ў Пэкін.
  • Раней ЗША ўвялі санкцыі супраць некалькіх кітайскіх кампаній за парушэньне забароны на экспарт у Расею тавараў, якія могуць выкарыстоўвацца ў вайсковай вытворчасьці.
  • Кітай неаднаразова заяўляў, што не пастаўляе Расеі зброю і ваенную дапамогу, але падтрымлівае з ёй трывалыя эканамічныя сувязі ва ўмовах санкцыяў, уведзеных супраць Расеі ў адказ на яе ўварваньне ва Ўкраіну. Пры гэтым кітайскія банкі ўсё ж скарацілі працу з расейскімі кліентамі, якія трапілі пад абмежаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG