12 траўня сёлета ў Літве адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 8 чалавек, у тым ліку дзейны прэзыдэнт Гітанас Наўседа і дзейная прэм’ерка Інгрыда Шыманіце (адзіная жанчына з 8 кандыдатаў).
У адпаведнасьці з законам кандыдаты прадставілі ў Галоўны выбаркам дэклярацыі аб сваіх даходах і маёмасьці. Партал Delfi апублікаваў інфармацыю пра гэтыя дэклярацыі.
Паводле дэклярацыі прэзыдэнта Наўседы за 2023 год, ён мае маёмасьць коштам 359 400 эўра, валодае наяўнымі ў суме 20 800 эўра і мае доўг у памеры 27 100 эўра. Паводле дэклярацыі, летась ён зарабіў 122 700 эўра.
Прэмʼерка Шыманіце задэкляравала маёмасьць на суму 316 000 эўра. У мінулым годзе ў яе быў доўг у памеры 46 000 эўра. Акрамя таго, у яе ёсьць грошы на рахунку — 13 000 эўра. У мінулым годзе яна зарабіла 72 000 эўра.
Зьвесткі пра даходы і маёмасьць літоўскіх кіраўнікоў варта супаставіць з афіцыйнымі зьвесткамі, якія падавалі беларускія палітыкі.
Напярэдадні выбараў 2020 году кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка задэкляраваў 117 068 рублёў даходу за 2019 год (42 500 эўра па курсе на ліпень 2020 году), атрыманых у якасьці заработнай платы. У радку «Нерухомая маёмасьць» у ягонай дэклярацыі было напісана «няма». Іншай маёмасьці ў выглядзе акцый або доляў у статутных фондах юрыдычных асобаў у Лукашэнкі, паводле дэклярацыі, таксама не было.
Сёлета ў Палату прадстаўнікоў балятаваўся кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. Ён стаў дэпутатам і на першым пасяджэньні Палаты новага скліканьня быў абраны сьпікерам.
Перад выбарамі ён прадставіў дэклярацыю аб сваіх даходах і маёмасьці за 2022 год. У дэклярацыі Сергеенкі была пазначаная кватэра ў Менску плошчай 101,6 кв. м, а таксама даход у памеры 172 503 рублёў, зь іх 44 553 рублі ад продажу зямельнага ўчастка (адпаведна каля 61 тысячы і 16 тысячаў эўра па курсе на канец 2022 году).
Гэта афіцыйныя лічбы. Чым валодае Лукашэнка, ягоная сям'я, ягоны апарат, ягонае атачэньне — прадмет незалежных расьсьледаваньняў, ацэнак заходніх экспэртаў.