Сьвятлана Ціханоўская перадала колішняму прэм’ер-міністру Грэцыі Георгіясу Папандрэў копіі архіўных дакумэнтаў і матэрыялаў пра ягонага прадзеда Зыгмунта Мінейку.
Зыгмунт Мінейка нарадзіўся ў Беларусі і браў актыўны ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага. Пасьля задушэньня паўстаньня яго выслалі ў Сібір. Пазьней ён змог перабрацца ў Грэцыю, дзе ўжо змагаўся за незалежнасьць гэтай краіны.
Сярод перададзеных матэрыялаў — здымкі яго продкаў, матэрыялы пра маёнтак і землі Мінейкаў у Беларусі, а таксама кніга мэмуараў Зыгмунта Мінейкі «З тайгі пад Акропаль», выдадзеная на беларускай мове.
Сьвятлана Ціханоўская прапанавала Георгіясу Папандрэў наведаць у Вільні месцы пахаваньня яго сваякоў і выказала спадзяваньне, што, калі Беларусь стане свабоднай, яны разам змогуць наведаць мясьціны Мінейкаў у Беларусі.
Георгіяс Папандрэў наведаў разам зь Ціханоўскай Афінскую агару — гарадзкую рынкавую плошчу, вядомую з старажытных часоў як цэнтар грамадзкага жыцьця, які быў месцам цывільнага кіраваньня і суду, гандлю і прадпрымальніцтва, тэатральнай сцэнай і пляцоўкай для атлетычных спаборніцтваў.
11–12 красавіка Сьвятлана Ціханоўская наведвае Грэцыю зь візытам.