Рабочая група Рады Эўрапейскага зьвязу па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі 8 красавіка разгледзіць беларускае пытаньне, паведаміла «Позірку» прэс-служба намесьніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта і кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Паўла Латушкі, які возьме ўдзел у гэтай сустрэчы.
На паседжаньні ў Брусэлі палітык «выкладзе бачаньне» таго, якім чынам можна прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і яго рэжым да адказнасьці за «ўчыненыя злачынствы супраць беларускага і ўкраінскага народаў».
Кіраўнік НАУ мае намер прадставіць на разгляд «пяць магчымых кірункаў выкарыстаньня міжнародных мэханізмаў для дасягненьня мэты — наступленьня адказнасьці».
Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, «абмеркаваньне гэтых пытаньняў на высокім палітычным узроўні» арганізавана ў адпаведнасьці з «дамоўленасьцямі, якія былі дасягнуты на сустрэчы кансультацыйнай групы Беларусь — ЭЗ» у сьнежні 2023 году.
У рамках візыту ў Брусэль Латушка таксама мае намер сустрэцца з кіраўніцтвам МЗС Бэльгіі і Эўрапейскай службы замежных дзеяньняў.
У рабочую групу Рады ЭЗ па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі ўваходзяць упаўнаважаныя прадстаўнікі 27 краін зьвязу. Яна займаецца ўсімі аспэктамі адносін і супрацоўніцтва з постсавецкімі дзяржавамі (акрамя краін Балтыі).
Раней дарадца дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр заяўляла, што стварэньне 4 красавіка пры ААН спэцыяльнай групы па ўстанаўленьні фактаў і расьсьледаваньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі зьяўляецца «значна больш моцным мэханізмам, які садзейнічае прыцягненьню да адказнасьці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі».
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
2 красавіка Аляксандар Лукашэнка ў часе свайго наведваньня Горадні выказаўся аб падрыхтоўцы да вайны. Перад гэтым ён заявіў пра Сувальскі калідор, у выніку чаго Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь Яраслава Хмыля і ўручыла яму ноту пратэсту.
«Нікому ня верце, што мы хочам ваяваць. Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу шчыра. „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“, ня я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.