Лінкі ўнівэрсальнага доступу

400 «прадстаўнікоў грамадзкасьці» ва УНС. Як іх выбіралі і хто мае права выступаць ад «народу»


Усебеларускі народны сход, Менск, 2021
Усебеларускі народны сход, Менск, 2021

Так званы «Усебеларускі народны сход» пройдзе 24-25 красавіка. Свабода паглядзела, хто і як туды трапіць у якасьці ўдзельніка.

Пачынаючы з 1996 году, у Беларусі прайшло шэсьць Усебеларускіх народных сходаў. Сёлета ў чарговым возьмуць удзел 1200 чалавек. Траціна зь іх — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савету Рэспублікі, прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады. У поўным складзе ва УНС прымуць удзел дэпутаты Менскага гарсавету. Рэшта — прадстаўнікі «канструктыўнай грамадзкасьці» — члены прафсаюзаў, саюзаў жанчын і вэтэранаў, партыі «Белая Русь» і БРСМ.

Палітычныя дыназаўры

Сярод дэлегатаў шмат тых, хто неаднаразова ўдзельнічаў у гэтым сходзе. Напрыклад, 73-гадовы Міхаіл Мясьніковіч. Сёлета на УНС ён трапіць як дэпутат ад Саюзу вэтэранаў. Мясьніковіч займаў пасады памочніка прэзыдэнта, прэм’ер-міністра, кіраваў Нацыянальнай акадэміяй навук і Саветам Рэспублікі, узначальваў калегію Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота
Міхаіл Мясьніковіч, архіўнае фота

У 2010 годзе на 5-м УНС ён быў кіраўніком рэдакцыйнай камісіі, па выніках працы якой казаў, што «усе рашэньні УНС — сталыя і актуальныя».

Чарговы раз стаў дэлегатам УНС (на гэты раз — ад вэтэранаў) Аляксандар Сягоднік. Раней ён узначальваў упраўленьне адукацыі ў Горадні. Цяпер пасада былога чыноўніка гучыць як «старшыня камісіі працы з моладзьдзю і патрыятычнага выхаваньня насельніцтва абласнога Савету вэтэранаў».

На ўсіх шасьці УНС прысутнічаў і старшыня магілёўскай абласной арганізацыі вэтэранаў Анатоль Глаз.

Ён выказаў упэўненасьць, што вэтэраны «будуць выносіць на абмеркаваньне УНС найбольш вострыя і важныя пытаньні».

Ад рэгіёнаў ва УНС ідуць таксама правераныя часам людзі. У вёсцы Май Жлобінскага раёну дэпутаты сельскага Савету вылучылі на сход старшыню сельсавету Аляксандра Ісаенку. На «выбарах» патлумачылі, што Ісаенка ўжо 9 гадоў узначальвае сельсавет і мае досьвед працы ва УНС — быў дэлегатам на сходзе ў 2021 годзе.

Генэральны дырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка пяты раз будзе ўдзельнічаць у працы УНС. Сваю сёньняшнюю адказнасьць перад грамадзянамі дасьведчаны кіраўнік выдатна ўсьведамляе і выказвае гатоўнасьць выканаць важную місію, гаворыцца на сайце Горадзенскага аблвыканкаму.

Выпадковыя людзі

Выбары дэлегатаў будучага зьезду адбываюцца на паседжаньнях БРСМ, саюзаў жанчын і вэтэранаў, прафсаюзных арганізацый. «Сярод дэлегатаў няма выпадковых людзей», — кажа старшыня прафсаюзаў Гомельскай вобласьці Пятро Кірычэнка.

Такое ж меркаваньне і ў старшыні абласнога Савету вэтэранаў з Горадні Івана Тусава: «Выпадковых людзей сярод іх няма».

Тусаў дадаў, што «падбор людзей для важнай місіі пачаўся яшчэ некалькі месяцаў таму, ад кожнага раёну было вылучана па тры чалавекі, кандыдатуры якіх вывучалі ў Савеце вэтэранаў».

Прафсаюзы, вэтэраны, БРСМ, «Белая Русь» і Саюз жанчын вылучаюць на УНС па 80 чалавек. Па 10 ад рэгіёнаў і 20 ад Менску.

Сярод дэлегатаў ёсьць даярка з Чэрвеньскага раёну Алена Батурына. Яна на форуме «Жанчына году» была прызнаная найлепшай у намінацыі «Гаспадыня сяла». Але найбольшая падзея для вяскоўкі — «сустрэча актыву Саюзу жанчын з Аляксандрам Лукашэнкам» Батурына расказвае, што цалкам падтрымлівае дзейную ўладу.

«Звычайнаму грамадзяніну», які хацеў бы стаць дэлегатам УНС, раяць спачатку стаць дэпутатам. Такую параду даў старшыня «Белай Русі» Алег Раманаў. «Чалавек, які хоча стаць дэлегатам УНС і адыгрываць важную ролю ў жыцьці грамадзтва, мае поўнае права стаць дэпутатам мясцовага Савету дэпутатаў, сваю кандыдатуру можна вылучаць і на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Гэтыя шляхі адкрыты для актыўных, неабыякавых грамадзян нашай краіны», — заявіў Раманаў.

Узроставая плянка для моладзі

Ад БРСМ на сход прыбудуць 80 дэлегатаў. Многіх ужо «выбралі» на рэгіянальных канфэрэнцыях. Намесьніца дырэктара прадпрыемства «Менскрэкляма», сакратарка нізавой арганізацыі БРСМ Марына Грыцава ўжо ўдзельнічала ва УНС у 2021 годзе. «Ёй удалося закрануць нямала важных тэмаў», — піша дзяржаўнае выданьне СБ.

«Напрыклад, я выступала за падняцьце ўзроставай плянкі для моладзі да 35 гадоў, каб у вялікай колькасьці моладзі была магчымасьць скарыстацца прэфэрэнцыямі, прадугледжанымі для маладых людзей. Пытаньне бурна абмяркоўвалася, але станоўчага адказу я не атрымала. Калі стану дэлегатам, зраблю яшчэ адну спробу», — абяцае Марына Грыцава.

Яна прызнаецца, што гэтае пытаньне адышло для яе на другі плян цяпер, «калі ў суседняй краіне адбылася трагедыя» (мае на ўвазе тэракт у маскоўскім «Крокус Сіці Хол». — РС).

«Беларусы пачалі атрымліваць у мэсэнджарах заклікі ўзяць прыклад з тэрарыстаў, для мяне нашмат важнейшым аказалася пытаньне бясьпекі, у тым ліку ў інтэрнэце. Моладзь уразьлівая і, на жаль, такая аўдыторыя, якую можна павесьці за сабой. Таму хачу завастрыць увагу на гэтай праблеме», — патлумачыла свой будучы чарговы ўдзел ва УНС Грыцава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG