Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча раскрытыкавала пазыцыю амбасады Ізраілю адносна нападу на гуманітарны канвой, у якім загінулі 7 чалавек


На месцы абстрэлу аўтамабіля з гуманітарнай дапамогай
На месцы абстрэлу аўтамабіля з гуманітарнай дапамогай

Афіцыйную Варшаву не задаволіла тлумачэньне ізраільскага амбасадара.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск адрэагаваў на словы ізраільскага амбасадара адносна нападу на канвой з гуманітарнай дапамогай, піша Polsat News. Ён дадаў, што не было «простых і чалавечых прабачэньняў», неабходных у гэтай сытуацыі. Прэм’ер-міністар акрэсьліў чаканьні Польшчы:

«Пасьля трагедыі, якая напаткала нашага земляка — ён загінуў у абсалютна бессэнсоўным, невытлумачальным нападзе — увогуле няма як апраўдаць гэтае здарэньне ваенным станам. Як мы пачулі ў спробах амбасадара патлумачыць, цяжкія абставіны… Не, тут не было цяжкіх абставінаў», — заявіў прэм’ер-міністар Туск.

«Я катэгарычна не прымаю тое, як амбасадар камунікуе на гэты конт. Калі ён вырашыў публічна выступіць у нашых СМІ, то павінен скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб сказаць простае і чалавечнае „прабачце“. Гэта сапраўды нічога не каштуе», — дадаў ён.

Туск адзначыў, што «ня хоча нагнятаць атмасфэру», але Варшава «чакае поўнага тлумачэньня, неадкладнага, і кампэнсацыі сваякам ахвяры гэтага нападу».

У той жа час ён дадаў, што заклікаў прадстаўнікоў Ізраілю ў Польшчы «паважаць законныя пачуцьці палякаў і мець зносіны на гэты конт у яснай і простай форме».

Напярэдадні Ізраіль атакаваў канвой з гуманітарнай дапамогай. Сем чалавек загінулі. Ізраільскае войска атакавала машыны World Central Kitchen (WCK), якія перавозілі гуманітарную дапамогу ў сэктар Газа. У рэйдзе загінулі сем чалавек, у тым ліку паляк Даміян Собаль.

Армія Ізраілю пацьвердзіла, што нясе адказнасьць за напад.

«Як прафэсійнае войска, якое выконвае міжнароднае права, мы абавязаны старанна і празрыста расьсьледаваць нашы дзеяньні», — заявіў прэс-сакратар ЦАХАЛ Даніэль Хагары ў заяве. Ён таксама дадаў, што «па інцыдэнце вядзецца дбайнае расьсьледаваньне, каб зразумець абставіны таго, што адбылося і як гэта адбылося».

Нягледзячы на каардынацыю дзеяньняў з ізраільскімі вайскоўцамі, канвой быў абстраляны пры выезьдзе са складу ў горадзе Дэйр-эль-Балах пасьля разгрузкі больш за 100 тон гуманітарнай харчовай дапамогі, дастаўленай у Газу морам, паведамляе WCK.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу прызнаў, што ізраільскія войскі нанесьлі «ненаўмысны ўдар» па «нявінных людзях» і паабяцаў зрабіць усё, каб такога не паўтарылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG