Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Нідэрляндаў: мяжа з Расеяй і Беларусьсю — наша калектыўная мяжа


Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ, архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ прэтэндуе на пасаду наступнага генэральнага сакратара NATO.

Прэм’ер-міністар Нідэрляндаў Марк Рутэ, кандыдатуру якога на пасаду наступнага генэральнага сакратара NATO падтрымала большасьць краін альянсу, заявіў аб неабходнасьці такіх мер стрымліваньня Расеі, каб зрабіць немагчымым яе дзеяньні супраць краін Паўночна-атлянтычнага альянсу.

«NATO мусіць захоўваць стрымліваньне, мы ўсе павінны ўсьведамляць, што мяжа краін Балтыі і іншых краін усходняга флянгу з Расеяй і Беларусьсю зьяўляецца нашай калектыўнай мяжой», — сказаў Марк Рутэ ў інтэрвію літоўскаму тэлеканалу LRT.

Паводле яго, альянс павінен зрабіць усё магчымае, каб прымусіць Уладзіміра Пуціна зразумець, што калі ён зробіць хоць самы малы крок у бок тэрыторыі Эўразьвязу і NATO, яго напаткаюць вялікія цяжкасьці.

Сярод мэханізмаў стрымліваньня Расеі кандыдат на генэральнага сакратара NATO назваў павелічэньне фінансаваньня вайсковых расходаў на абарону ўвогуле, а таксама на ўзмацненьне абароны ўсходняга флянгу.

«Мы абмяркоўвалі перадавую прысутнасьць NATO у Літве, мы ведаем, што Нямеччына імкнецца ўмацаваць свае магчымасьці ў краіне, мы супрацоўнічаем зь нямецкім бокам у вырашэньні таго, як лепш дзейнічаць у будучыні. Таксама важныя місія паветранай паліцыі, абарона паветранай прасторы, дастатковая колькасьць сыстэм Patriot. Напрыклад, ва Ўкраіны практычна няма магчымасьцяў супрацьпаветранай абароны вакол Харкава. Гэта тыя пытаньні, якія нам давядзецца калектыўна вырашаць у наступныя месяцы», — патлумачыў Марк Рутэ.

Паводле яго, вельмі важна захаваць падтрымку і дапамогу Ўкраіне.

«Фізычна мы значна далей ад Расеі, чым вы, але мы адчуваем і верым, што наша мяжа тут», — падкрэсьліў ён.

Паўнамоцтвы цяперашняга генэральнага сакратара NATO Енса Столтэнбэрга заканчваюцца сёлета 1 кастрычніка. Енс Столтэнбэрг працаваў на гэтай пасадзе 10 гадоў, пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну тэрмін ягоных паўнамоцтваў падаўжалі тры разы.

Папярэдне кандыдатуру Марка Рутэ падтрымалі 28 з 32 краін – удзельніц альянсу. Аднак для ўхваленьня рашэньня неабходна аднагалосная падтрымка ягонай кандыдатуры. Яго пакуль не падтрымліваюць Вугоршчына, Румынія, Славаччына і Турэччына.

Яшчэ адным кандыдатам на пасаду генэральнага сакратара NATO зьяўляецца прэзыдэнт Румыніі Кляўс Яганіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG