Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO адзначае 75 гадоў з дня ўтварэньня. Альянс кантралюе 50% сусьветнай эканамічнай і вайсковай моцы


Сьцяг NATO ў Вільні. 29 сакавіка 2024
Сьцяг NATO ў Вільні. 29 сакавіка 2024

Альянс, у неабходнасьці якога сумняваліся пасьля заканчэньня халоднай вайны, атрымаў дакладнае адчуваньне мэты пасьля пачатку поўнамаштабнага канфлікту ва Ўкраіне.

У чацьвер 4 красавіка ваеннаму блёку NATO спаўняецца 75 гадоў.
Альянс атрымаў новы імпульс пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, але сутыкнуўся з усё большай пагрозай з боку Масквы і нэгатыўнымі прадчуваньнямі з нагоды магчымага вяртаньня Дональда Трампа, піша «Голас Амэрыкі».

У 2019 годзе прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што альянс, створаны пасьля Другой сусьветнай вайны для супрацьстаяньня Савецкаму Саюзу, перажывае «сьмерць мозгу».

Але за 4,5 года, якія прайшлі пасьля заявы Макрона, да альянсу далучыліся Швэцыя і Фінляндыя, і такім чынам цяпер у яго ўваходзяць 32 дзяржавы.
Гэта стала наступствам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, якое францускі прэзыдэнт назваў «электрычным шокам», які абудзіў альянс.

У адказ на дзеяньні Масквы NATO павялічыла колькасьць войскаў на ўсходнім флянгу і ўвяло новыя пляны рэагаваньня на расейскія атакі.

«Сапраўдная мерка посьпеху NATO — гэта ня толькі стрымліваньне ворагаў або абарона тэрыторый. Гэта і тое, як нашыя грамадзяне выкарыстоўваюць сваю бясьпеку і свабоду, каб адчувальна паляпшаць сваё жыцьцё», — заявіў у Брусэлі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

«Нядзіўна, што дэмакратычныя краіны працягваюць ісьці на вялікія ахвяры, каб далучыцца да гэтага альянсу, — працягнуў ён. — Нядзіўна, што краіны далёка за межамі трансатлянтычнага рэгіёну, уключаючы дзясяткі, прадстаўленыя тут сёньня ўвечары, імкнуцца паглыбіць сваё партнэрства з NATO».

Пасьля халоднай вайны ў некаторых узьнікалі сумневы ў неабходнасьці далейшага існаваньня NATO, але новая ўвага да свайго заклятага антаганіста, Масквы, дала альянсу дакладнае адчуваньне мэты.
Гэты працэс пачаўся яшчэ ў 2014 годзе, калі Расея захапіла ўкраінскі Крым. Але пасьля поўнамаштабнага ўварваньня 2022 ён выйшаў на новы ўзровень.

Усяго за паўгода да ўводу расейскіх войскаў ва Ўкраіну NATO ўсё яшчэ спрабавала ўсьвядоміць наступствы катастрафічнага вываду сваіх войскаў з Афганістану пад кіраўніцтвам ЗША, які дазволіў Талібану прыйсьці да ўлады.

З пачатку вайны ва Ўкраіне, якая спадзяецца аднойчы ўступіць у NATO, чальцы альянсу адправілі Кіеву зброю на дзясяткі мільярдаў даляраў.
Пры гэтым альянс старанна пазьбягае ўцягваньня ў прамы канфлікт з Расеяй, які можа перарасьці ў ядзерны.

Аднак расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін не адзіная пагроза, якая навісла над NATO.

Некалькі тыдняў таму экс-прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп шакаваў саюзьнікаў заявай, што ён бы нават заахвочваў Расею «рабіць усё, што ёй уздумаецца» зь любой краінай NATO, якая не выконвае сваіх фінансавых абавязаньняў.

Словы рэспубліканскага кандыдата ў прэзыдэнты выклікалі палітычную буру, паколькі паставілі пад сумненьне абавязаньні Вашынгтона перад саюзьнікамі ў выпадку, калі Трамп пераможа дзейнага прэзыдэнта Джо Байдэна ў лістападзе.

У якасьці папераджальнага кроку NATO заявіла аб рэзкім павелічэньні колькасьці краін, якія дасягнулі мэтавага паказчыка ў расходах на абарону (2% ад ВУП). Чакаецца, што сёлета іх будзе 20, у той час як у 2014 годзе было ўсяго тры.

Дыпляматы ў штаб-кватэры NATO ў Бруселі ўсё ж захоўваюць спакой наконт магчымага вяртаньня Трампа, адзначаючы, што да канца яго першага тэрміну альянс апынуўся ў лепшай форме.

Па іх словах, адзін са спосабаў пераканаць ЗША ў тым, што NATO па-ранейшаму актуальны, складаецца ва ўзмацненьні ўвагі да Кітая, які выклікае ў Вашынгтона вялікую заклапочанасьць.

Тым часам генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг скарыстаўся юбілеем, каб прадэманстраваць дасягненьні NATO.

«Мы прадстаўляем 50 працэнтаў сусьветнай эканамічнай моцы і 50 працэнтаў сусьветнай вайсковай моцы. Таму, пакуль мы разам, ніхто ня можа нам пагражаць, мы ў бясьпецы, — сказаў ён. — Мы зьяўляемся самым пасьпяховым альянсам у гісторыі зь дзьвюх прычын: па-першае, дзякуючы нашаму адзінству, а па-другое, дзякуючы таму, што мы змаглі зьмяніцца, калі зьмяніўся сьвет».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG