Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка забараніў выкарыстоўваць спонсарскую дапамогу на «экстрэміскую дзейнасьць і выбарчыя кампаніі»


Аляксандар Лукашэнка на галасаваньні ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка на галасаваньні ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Сталі вядомыя дадатковыя абмежаваньні на выкарыстаньне ў Беларусі бязвыплатнай і спонсарскай дапамогі. Раней прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі паведамляла толькі аб частцы абмежаваньняў, якія ён увёў датычна спонсарскай дапамогі.

У апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі тэксьце ўказу Лукашэнкі вызначаныя дадатковыя абмежаваньні.

У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка забараніў фізычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам выядзяляць і выкарыстоўваць бязвыплатную дапамогу на «ажыцьцяўленьне тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці, іншых дзеяньняў, забароненых дзяржавай, якія наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам».

Апроч таго, спонсарскую дапамогу забаранілі выкарыстоўваць у падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў, рэфэрэндумаў, а таксама адкліканьні дэпутатаў Палаты прадастўнікоў і чальцоў Савету Рэспублікі.

Апроч таго, спонсарскія грошы нельга выкарыстоўваць на арганізацыю масавых мерапрыемстваў, страйкаў і друк агітацыйных матэрыялаў.

У той жа час указ прадугледжвае магчымасьць выключэньняў у гэтых абмежаваньнях, якія будзе рэгуляваць Аляксандар Лукашэнка ці «іншыя заканадаўчыя акты».

Аляксандар Лукашэнка 27 сакавіка падпісаў указ № 112, якім скарэктаваў парадак аказаньня і выкарыстаньня бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі. Ранейшы парадак быў вызначаны ўказам Лукашэнкі ад 1 ліпеня 2005 году.

Цяпер уведзеныя дадатковыя абмежаваньні на аказаньне спонсарскай дапамогі. Яе ня могуць аказваць арганізацыі з доляй дзяржаўнай уласнасьці 50 і больш адсоткаў пры наяўнасьці ў іх пратэрмінаванай запазычанасьці ў плацяжах у бюджэт, выплаце заробкаў і дапамог, а таксама пры невыкананьні ўмоваў аказаньня дзяржаўнай падтрымкі.

Таксама нельга аказваць спонсарскую дапамогу ў замежнай валюце, за выключэньнем выпадкаў, калі яна накіроўваецца арганізацыям аховы здароўя для набыцьця імі за мяжой мэдычных вырабаў і лекавых сродкаў, грамадзянам для атрыманьня мэдычнай дапамогі за межамі краіны, а таксама фізычным асобам, якія прадстаўляюць Беларусь на міжнародных мерапрыемствах.

Разам з тым указ дае магчымасьць аказаньня спонсарскай дапамогі ў выглядзе электронных грошай і токенаў, выкарыстаньня яе на кампэнсацыю выдаткаў, зьвязаных з утрыманьнем вытворчых будынкаў, збудаваньняў, добраўпарадкаваньнем населеных пунктаў, а асобным рэлігійным, дабрачынным, спартыўным арганізацыям і грамадзкім аб’яднаньням — на аплату працы і іншых гаспадарчых выдаткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG