Перад выбарамі праваабаронцы вырашылі, што ў сувязі з рызыкамі рэпрэсіяў у Беларусі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне за выбарамі, якое праводзілі падчас ранейшых кампаній. Місія зьбірала і аналізавала інфармацыю аб выбарчай кампаніі з адкрытых крыніц і паведамленьні ад выбарнікаў зь Беларусі.
Па выніках назіраньня ў выніковай справаздачы экспэртная місія прыйшла да наступных высноваў:
- Выбары-2024 у Беларусі праходзілі ва ўмовах бесьперапынных рэпрэсій, фактычнай адсутнасьці свабоды выказваньня думак, мірных сходаў і асацыяцый, у атмасфэры татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі. У Беларусі зьліквідаваны незалежныя СМІ і сотні арганізацый грамадзянскай супольнасьці, уключна з усімі праваабарончымі; пасьля перарэгістрацыі ў краіне засталіся 4 палітычныя партыі з 16, усе апазыцыйныя партыі зьліквідаваныя.
- Пасьля поствыбарнага крызісу 2020 году і канстытуцыйных зьменаў 2022 году адбыліся істотныя зьмены ў прававым рэгуляваньні выбараў. Гэтыя зьмены накіраваныя на зьніжэньне ролі парлямэнту, звужэньне кола ўдзельнікаў электаральных працэсаў, абмежаваньне выбарчых правоў грамадзян і павышэньне кантролю ўладаў над выбарчым працэсам.
- Маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары-2024 не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі Выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
- Усе этапы выбарчага працэсу ўлады ня проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрыманьня ўлады, імітацыі народнай падтрымкі і згоды ў грамадзтве. Пра гэта сьведчаць:
- непразрыстае фармаваньне выбарчых камісій;
- узгодненыя ўладнай вэртыкальлю сьпісы людзей, якія вылучаюцца ў кандыдаты, зарэгістраваных кандыдатаў і «абраных» дэпутатаў;
- агітацыя, якая імітуе палітычную актыўнасьць, але мерапрыемствы і іх мэдыйнае асьвятленьне будаваліся вакол агульных заклікаў прыйсьці прагаласаваць;
- працяг практыкі прымусу выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні;
- атмасфэра запалохваньня з забаронамі на фатаграфаваньне і вынас бюлетэняў, рыторыкай адносна «плянаў экстрэмістаў» і супрацоўнікамі міліцыі на ўсіх участках для галасаваньня;
- непразрыстая працэдура падліку галасоў з адсутнасьцю зьвестак па ўчастках; поўная адсутнасьць незалежных назіральнікаў.
Па выніках назіраньня экспэртная місія зрабіла выснову, што вынікі сёлетніх выбараў у Беларусі не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўленьня беларускіх грамадзян.
З поўнай выніковай аналітычнай справаздачай экспэртнай місіі можна азнаёміцца па спасылцы.
25 лютага ў Беларусі прайшоў так званы Адзіны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. ЦВК Беларусі заявіў пра яўку на Адзіны дзень галасаваньня ў 73,09%, зь іх 41,71% выбарнікаў, паводле ЦВК, прагаласавалі датэрмінова.
Электаральная кампанія прайшла на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Праваабаронцы фіксавалі парушэньні. Шэраг урадаў краін Захаду пасьля выбараў заявілі, што выбарчы працэс у Беларусі праходзіў зь вялікімі парушэньнямі.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.