Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 26 сакавіка адправіў у адстаўку сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны краіны Аляксея Данілава. Данілаў займаў гэтую пасаду з 2019 году і быў вядомы, у прыватнасьці, радыкальнай рыторыкай, піша Руская служба Радыё Свабода.
Ва ўказе Зяленскага прычыны адстаўкі не называюцца. Яе не анансавалі загадзя.
Аляксей Данілаў пакуль не камэнтаваў сваё звальненьне.
На пасаду сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны замест Данілава прызначаны кіраўнік Службы зьнешняй выведкі 51-гадовы Аляксандар Літвіненка, гаворыцца ва ўказе, разьмешчаным на сайце прэзыдэнта Ўкраіны. Літвіненка з 2021 году кіраваў выведкай, а з 2014 па 2019 год быў намесьнікам сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.
Аляксандар Данілаў у 1990-я быў мэрам Луганску, на прэзыдэнцкіх выбарах 2004 году ўзначаліў Луганскі штаб Віктара Юшчанкі, пазьней стаў губэрнатарам Луганскай вобласьці. Ён два гады быў народным дэпутатам Украіны ад Блёку Юліі Цімашэнкі.
Пакуль Данілаў знаходзіўся на пасадзе, ведамства забараніла ва Ўкраіне працу шэрагу расейскіх СМІ. Былі заблякаваныя некалькі мясцовых тэлеканалаў, якія ведамства назвала прарасейскімі. Таксама ўвялі санкцыі супраць шэрагу грамадзян Украіны і арганізацый, у асноўным западозраных у працы на карысьць Масквы.
У студзені 2024 году часопіс Economist пісаў, што на месца Данілава могуць прызначыць тагачаснага камандуючага ўкраінскім войскам Валерыя Залужнага. У лютым Зяленскі адправіў Залужнага ў адстаўку, прызначыўшы новым галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны генэрал-палкоўніка Аляксандра Сырскага, камандуючага Сухапутнымі войскамі. У сакавіку Залужнага прызначылі амбасадарам Украіны ў Вялікай Брытаніі.