Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Мы кажам „Дзень Волі“, але нашая краіна апынулася ў закладніках Расейскай імпэрыі»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Беларуская дэмакратычная лідэрка павіншавала беларусаў з Днём абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да беларусаў усяго сьвету на сваім ютуб-канале, каб павіншаваць нацыю з Днём Волі.

«Мы вымушаныя ладзіць урачыстасьці ў замежжы, а не на роднай зямлі. Мы ня можам сьвяткаваць зь лёгкім сэрцам, бо тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. Мы кажам: „Дзень Волі“, але разумеем: сёньня наша краіна апынулася ў закладніках Расейскай імпэрыі, якая вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, зьнішчае нашу незалежнасьць і нашу ідэнтычнасьць.

106 гадоў таму ў тых жа ўмовах аказаліся Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Лёсік — беларусы, якія стаялі ля вытокаў БНР. Зусім побач грымела [І усясьветная] вайна, Расейская імпэрыя ўспрымала нашыя землі выключна як сваю губэрню. Беларусам адмаўлялі ў праве выбіраць палітычны курс, карыстацца мовай, гадаваць дзяцей у адпаведнасьці з традыцыямі і культурай», — сказала Ціханоўская.

Аднак, канстатавала палітык, «энтузіясты, якія любілі Бацькаўшчыну, запусьцілі маштабны нацыянальны рух», «іх высілкі прывялі да адной з самых знакавых падзей у нашай гісторыі — стварэньня БНР».

«На жаль, зараз мы з вамі апынуліся ў такой жа сытуацыі, як і беларусы 106 гадоў таму. Пагроза краіне ідзе з таго ж боку, што і ў мінулым стагодзьдзі. Незалежнасьць нашай краіны зноў пад пытаньнем. Нават мэтады захопнікаў мала чым адрозьніваюцца. Толькі цяпер мы больш падрыхтаваныя да барацьбы», — адзначыла Ціханоўская.

Цяпер беларусы імкнуцца скарыстаць гістарычны досьвед, каб зноў стаць вольнымі.

«Наш гістарычны досьвед — гэта вынік змаганьня і працы тысяч беларусаў. І гэта яшчэ адзін доказ таму, што нават у самых складаных умовах мы здольныя яднацца, каб бараніць сваё. Нездарма нават праз стагодзьдзе „Пагоня“ і бел-чырвона-белы сьцяг успрымаюцца беларусамі ва ўсім сьвеце сымбалямі нашай няскоранасьці і адвагі».

Ціханоўская перакананая, што беларусы здолеюць пабудаваць краіну, пра якую мараць, а «Дзень Волі будзе сапраўдным нацыянальным сьвятам», а таксама тады «голас кожнага грамадзяніна будзе чутны і значны».

«Хтосьці скажа, што я вяду размову пра нейкую далёкую будучыню. І калі гэта спраўдзіцца — і ці спраўдзіцца ўвогуле — невядома. Але прыгадайце: у тых, хто стаяў ля вытокаў БНР, не было ўзораў, як ствараць дзяржаву. Не было прыкладаў, як ісьці супраць сыстэмы і перамагаць яе. Аднак яны дамагліся посьпеху», — адзначыла Ціханоўская.

25 сакавіка 1918 году Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла незалежнасьць БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG