Беларуская Рада культуры запускае новы магістрат. Пасьля пасьпяховага гуртаваньня больш як 400 чалавек вакол магістратаў «Кнігаўка», «Спадчына», «ULegend» беларусам прапануюць аб’яднацца ў супольнасьць, якая цягам 9 месяцаў будзе падтрымліваць беларускі спартовы клюб у Польшчы «Volat».
Клюб Volat мае багатую гісторыю. Ён працаваў у Менску ў 2012–2021 гадах і меў 10 філіяў па ўсім горадзе. За гады дзейнасьці падрыхтаваў больш як 50 пераможцаў чэмпіянатаў і Кубкаў Беларусі ў розных відах спорту. Цяпер Volat адраджаецца ў Польшчы.
Клюб мае пляны разгарнуць па ўсёй Польшчы цэлую сетку беларускіх патрыятычна-спартовых клюбаў, якія былі б ня толькі месцамі фізычнага, але таксама інтэлектуальнага і патрыятычнага выхаваньня моладзі.
«Мы бачым, што Volat мае досьвед і амбіцыі ды закрывае вельмі патрэбную нішу патрыятычнага і фізычнага выхаваньня беларускіх дзяцей за мяжою, — патлумачыў выбар ініцыятывы кіраўнік праекту „Беларускія магістраты“ Цімафей Акудовіч. — Клюб мае ўстойлівую фінансавую структуру і можа разьвівацца сам, але разгортваньне такой жа сеткі філій, як тое было ў Беларусі, можа заняць шмат гадоў. А калі мы цяпер далучымся і падтрымаем арганізацыю, то гэты працэс можа пайсьці значна хутчэй, і новыя аддзяленьні, гурткі і фарматы дзейнасьці могуць паўстаць ужо ў наступным годзе».
На дадатак да спартовае базы клюб плянуе разьвіваць адукацыйныя і культурніцкія кірункі. Нядаўна тут адкрыўся шахматны аддзел, у занятках якога бяруць удзел ужо каля 50 чалавек. На базе клюбу пэрыядычна ладзяцца сустрэчы з музыкамі і культурніцкімі дзеячамі. У найбліжэйшых плянах — адкрыць моўныя курсы і заняткі з маляваньня.
Найбліжэйшым часам адбудуцца ўнутрыклюбныя спаборніцтвы з агульнай фізычнай падрыхтоўкі, шахмат, каратэ, кікбоксінгу і грэплінгу. Як адзначыў кіраўнік клюбу Віталь Рак, сяброў чакае ўдзел у міжнародных і нацыянальных спаборніцтвах у каратэ, кікбоксінгу, грэплінгу і бразыльскім джыў-джыцу.
Сайт mahistrat.byculture.org мае больш падрабязнасьцяў.