Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх эканамічных рэформаў хочуць беларусы — дасьледаваньне Beroc


Дасьледчы цэнтар Beroc сёньня прадставіў вынікі дасьледаваньня, у якім вывучаліся эканамічныя паводзіны і перавагі беларусаў.

Аналіз грунтуецца на дадзеных онлайн-апытаньня, праведзенага летась увосень сярод гарадзкога насельніцтва Беларусі. Было апытана 1004 рэспандэнты ва ўзросьце 18–64 гадоў.

Асноўныя высновы дасьледаваньня:

  • Беларусы захоўваюць прарынкавую накіраванасьць і лічаць эканамічныя задачы першачарговымі.
  • Пераважная большасьць беларусаў выступаюць за правядзеньне рэформаў.
  • Значная частка апытаных падтрымлівае адміністрацыйнае рэгуляваньне цэнаў.
  • Стаўленьне апытаных да эканамічных рэформаў слаба залежыць ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык і мае каштоўнасную матывацыю.

Прапануем некаторыя вынікі дасьледаваньня Beroc.

Дасьледчыкі параўналі дадзеныя свайго апытаньня, праведзенага летась, з дадзенымі па Беларусі міжнароднага праекту вывучэньня каштоўнасьцяў.

З графіку вынікае, што доля прыхільнікаў павелічэньня прыватнага сэктару ў эканоміцы ў краіне вырасла. Асабліва істотна павялічыліся станоўчыя ацэнкі канкурэнцыі як такой.

Аднак у параўнаньні з 2017 годам істотна вырас адсотак тых, хто мяркуе, што дзяржава, а ня самі людзі, павінна клапаціцца пра іх дабрабыт.

Значэньне адпаведнага паказьніка амаль вярнулася на ўзровень сярэдзіны 90-х гадоў.

Аднак іншыя дадзеныя не зусім адпавядаюць гэтаму рэнэсансу патэрналізму.

Паводле апытаньня восені 2023 году, 72% апытаных выказаліся за правядзеньне эканамічных рэформаў.

Пры гэтым выбар сфэраў, у якіх, на думку рэспандэнтаў, гэтыя рэформы варта праводзіць, сьведчыць аб папулярнасьці і шырокім распаўсюдзе рынкавых падыходаў. Напрыклад, роўныя ўмовы гаспадараньня для прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў атрымалі удвая зь лішкам больш прыхільнікаў, чым скасаваньне кароткатэрміновых працоўных кантрактаў.

Пры гэтым людзі ўсьведамляюць высокую цану рэформаў. Самы распаўсюджаны адказ пра нэгатыўныя наступствы рэформаў — рост цэнаў. Магчыма, гэта вынік досьведу 90-х гадоў. Тады рэформы сапраўды выклікалі высокую інфляцыю. Не абавязкова яны выклікалі б яе і цяпер, але беларусы гэтага асьцерагаюцца.

Пытаньне росту цэнаў цяпер для беларусаў — ці ня самае галоўнае. Як паказвае апытаньне, большасьць зь іх выступае за рынкавыя мэханізмы ўтаймаваньня росту цэнаў. Аднак ладная частка — таксама каля паловы — аддае перавагу адміністрацыйнаму іх рэгуляваньню, што беларуская ўлада цяпер і робіць.

Што тычыцца стаўленьня да багатых суайчыньнікаў, то яно ў беларусаў дваістае, амбівалентнае. Тры чвэрці апытаных лічаць, што гэта таленавітыя, здольныя людзі. Амаль 70% адзначаюць іх працавітасьць. Аднак дзьве траціны рэспандэнтаў мяркуюць, што вельмі багатыя беларусы шчыльна зьвязаныя з уладай. Нарэшце, 45% лічаць, што звышбагатыя ў Беларусі наагул ня плацяць падаткаў.

Напэўна, гэтым амбівалентным стаўленьнем да звышбагатых тлумачыцца тое, што дзьве траціны апытаных выступаюць за прагрэсіўную падатковую шкалу: каб багатыя плацілі ў выглядзе падаткаў большую долю сваіх даходаў, чым бедныя.

Дасьледчыкі Beroc расказалі пра некалькі экспэрымэнтаў, калі падчас апытаньня тром групам рэспандэнтаў задаваліся пытаньні пра розныя эканамічныя сюжэты з нэўтральнай, станоўчай і нэгатыўнай матывацыяй. Напрыклад, пытаньне пра пажаданасьць у Беларусі прыватызацыі задавалася адным без канкрэтызацыі, другім — з напамінам, што прыватызацыя была пасьпяховай у краінах Усходняй Эўропы, трэцім — з напамінам пра адмоўныя вынікі прыватызацыі ў Расеі.

Напамін пра ўдалую прыватызацыю ў Чэхіі і Польшчы заўважна падвышаў долю станоўчых адказаў на карысьць прыватызацыі ў Беларусі. Напамін пра расейскі досьвед ніяк не ўплываў на адказы ў параўнаньні з нэўтральнай фармулёўкай пытаньня.

Адзін з самых нечаканых вынікаў дасьледаваньня — сувязь эканамічных поглядаў з сацыяльна-эканамічнымі характарыстыкамі. У дасьледаваньні былі вылучаныя 4 групы, 4 кластэры апытаных паводле ступені прарынкавасьці іх эканамічных поглядаў — ад «кансэрватараў» да «дзёрзкіх рэфарматараў».

Высьветлілася, што ні ўзрост, ні пол, ні месца пасяленьня, ні нават узровень даходу істотна не ўплываюць на гэтыя кардынальныя адрозьненьні ў поглядах. Пэўная сувязь ёсьць — больш прыхільныя да рэформаў маладзейшыя, жыхары вялікіх гарадоў, больш заможныя.

Але сувязь гэтая даволі слабая. Дасьледчыкі адзначаюць, што ў іншых краінах гэтая сувязь больш шчыльная, там погляды на эканамічную палітыку ў значнай ступені абумоўліваюцца сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі. У Беларусі ж, адзначаюць навукоўцы Beroc, гэтыя адрозьненьні ў пераважнай ступені маюць каштоўнасную прыроду.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG