Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская скакуха Жодзік атрымала польскае грамадзянства і можа паехаць на Алімпіяду ў Парыж


Марыя Жодзік. Архіўнае фота
Марыя Жодзік. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда даў польскае грамадзянства беларускай лёгкаатлетцы Марыі Жодзік.

Цяпер беларуска зможа прадстаўляць Польшчу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, піша Most.

20 сакавіка Польскі зьвяз лёгкай атлетыкі абвясьціў, што беларускай спартоўцы Марыі Жодзік нададзена польскае грамадзянства. Рашэньне пра гэта прыняў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Я вельмі рада, што прэзыдэнт падпісаў усе дакумэнты і надаў мне польскае грамадзянства. Ганаруся тым, што буду прадстаўляць Польшчу, краіну маіх продкаў. Спадзяюся, што ўсё, што зьвязана з працэдурамі World Athletics, цяпер будзе гладка, і я хутка буду стартаваць у футболцы з арлом на грудзях. Спадзяюся, заўзятары ўбачаць мяне на Гульнях у Парыжы ў бела-чырвонай форме зборнай Польшчы», — сказала Жодзік.

Раней яна, выступаючы па-за конкурсам у першынстве Польшчы, усталявала асабісты рэкорд, скокнуўшы ў вышыню на 1 м 97 см, і выканала алімпійскі нарматыў. У 2024 годзе гэта трэці вынік у сьвеце, паказаны ў гэтай дысцыпліне. Апярэджваюць Жодзік толькі ўкраінка Яраслава Магучых з вынікам 2 м 04 см і аўстралійка Нікола Алісьлейджэрс з 2 м 03 см.

Марыя Жодзік родам з Баранавічаў, але з 2022 году жыве ў Беластоку. У адным з інтэрвію беларуска казала, што ў яе польскія карані. У 2020 годзе яна падпісала адкрыты ліст спартоўцаў, у якім асуджаліся факты фальсыфікацыі выбараў у Беларусі, а таксама гвалт з боку сілавікоў. Таксама спартоўка асудзіла вайну Расеі супраць Украіны.

У 2021 годзе скакуха ў вышыню ўстанавіла асабісты рэкорд, узяўшы бар’ер 1 м 96 см. Гэта дало ёй права выступаць на Алімпіядзе ў Токіё ад Беларусі, аднак прадстаўнікі Беларускай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі не забясьпечылі працэдуру праходжаньня допінг-тэстаў у тэрміны, устаноўленыя Міжнароднай фэдэрацыяй. Таму Жодзік ня трапіла на Алімпіяду ў Токіё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG