Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь увайшла ў топ-10 краінаў сьвету па колькасьці людзей з дэпрэсіяй


У Беларусі пражываюць 510 764 чалавекі з выяўленай дэпрэсіяй — гэта 5,6% ад усяго насельніцтва, вынікае з дасьледаваньня, праведзенага парталам Country Cassette і заснаванага на дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ).

Сярэдні паказчык долі людзей з дэпрэсіяй па ўсёй плянэце, згодна з дасьледаваньнем, складае 3,9%.

Агулам Беларусь аказалася на 8-ым месцы ў сусьветным рэйтынгу са 180 краін па колькасьці людзей з дэпрэсіяй.

Узначаліла рэйтынг Украіна — там доля людзей з выяўленай дэпрэсіяй склала 6,3% насельніцтва, або больш за 2,8 млн чалавек. На другім месцы ЗША — 5,9% насельніцтва, або 17,5 млн чалавек, такі ж працэнт ад агульнай колькасьці насельніцтва (5,9%) з дэпрэсіяй — у Аўстраліі і Эстоніі (3-е і 4-е месца ў рэйтынгу).

Аднолькавы зь Беларусьсю працэнт насельніцтва з выяўленай дэпрэсіяй маюць Фінляндыя і Літва (5,6% ад агульнай колькасьці насельніцтва).

Найменшы ўзровень дэпрэсіі зафіксаваны на Саламонавых астравах — 2,9% ад агульнай колькасьці насельніцтва.

У рэйтынгу па колькасьці суіцыдаў ад таго ж парталу Country Cassette, Беларусь разьмясьцілася на 12-ым месцы. Згодна з апошнімі даступнымі зьвесткамі, узровень самагубстваў у Беларусі ацэньваецца ў 21,2 сьмерцяў на 100 тысяч жыхароў. Паводле статыстыкі, мужчыны ў Беларусі больш схільныя да суіцыду, чым жанчыны.

У топ-10 краін па колькасьці суіцыдаў увайшлі суседкі Беларусі Літва і Расея: Літва — на 7-ым месцы (26,1 чалавека на 100 тысяч насельніцтва), Расея — на 9-ым (25,1 чалавека на 100 тысяч насельніцтва).

На першым месцы ў рэйтынгу — дзяржава-анкляў Лесота, акружаная тэрыторыяй Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі: там паказчык суіцыдаў на 100 тысяч чалавек дасягнуў 72,4.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG