Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Браслаўскім раёне пасьля перарэгістрацыі засталося 5 аграсядзіб з 300. У Дубровенскім і Талачынскім — ніводнай


На аграсядзібе, архіўнае фота
На аграсядзібе, архіўнае фота

Агулам па Беларусі таксама адбылося рэзкае скарачэньне колькасьці аграсядзіб.

Пасьля абавязковай перарэгістрацыі аграсядзіб у Браслаўскім раёне засталося 5 аграсядзіб з 300, а ў Дубровенскім і Талачынскім раёнах — ніводнай. Пра гэта ў перадачы БелТА заявіла Вольга Фёдарава, галоўная спэцыялістка сэктару турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўленьня спорту і турызму Віцебскага аблвыканкаму.

Фёдарава адзначыла, што асноўныя прэтэнзіі да ўладальнікаў аграсядзіб былі ў тым, што іх дзейнасьць ператварылася ў здачу жыльля ў наём.

«У Віцебскай вобласьці было вельмі шмат аграэкасядзіб. Асноўная маса прыпадала на Браслаўскі раён — там было 300 аграэкасядзіб, а пры перарэгістрацыі засталося толькі пяць. Далей мы іх не кантралюем», — заявіла чыноўніца.

Для перарэгістрацыі кожнае сядзібы прыяжджала адмысловая камісія, якая фіксавала парушэньні заканадаўства.

«У кагосьці былі пытаньні наконт гігіены, бо вызначаны шэраг новых патрабаваньняў. Нават калі ў іх устаноўлена мангальная зона, то па новых патрабаваньнях павінна быць абавязкова і праточная вада, а раней такая дзейнасьць магла ажыцьцяўляцца ў доме, на хутары, і іх не правяралі», — сказала Фёдарава.

Чыноўніца ня лічыць такое велізарнае скарачэньне колькасьці аграэкасядзіб праблемай. На думку Фёдаравай, «засталіся толькі найлепшыя аграсядзібы, што працуюць паводле вузкай спэцыялізацыі».

Найбольшая колькасьць дзейных аграсядзіб цяпер на Глыбоччыне — 32. Там ёсьць адзіны ў рэгіёне аграэкатурыстычны кластэр.

Раней Свабода паразмаўляла з гаспадарамі беларускіх аграэкасядзіб і даведалася, як іх уціскаюць. Толькі за апошні год колькасьць аграсядзіб у Беларусі зьменшылася ў 2,5 раза. Калі на пачатку 2023 году налічвалася 3043 сядзібы (рэальна працавалі 70%), то цяпер іх дзейнічае каля 1200.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG