47% грамадзян Польшчы нэгатыўна ставяцца да беларусаў, сьведчаць вынікі апошняга сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага Польскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі.
Пра сымпатыю да беларусаў заявілі толькі 24% апытаных, яшчэ 21% ставяцца да беларусаў абыякава, 8% не змаглі вызначыцца з адказам.
Больш нэгатыўнае стаўленьне ў палякаў толькі да расейцаў — да іх нэгатыўна настроеныя 76% апытаных, толькі 8% заявілі пра пазытыўнае стаўленьне.
Украінцаў пазытыўна ацанілі 40% рэспандэнтаў, нэгатыўна — 30%.
Найбольшыя сымпатыі ў жыхароў Польшчы выклікаюць амэрыканцы (65% апытаных ставяцца да іх пазытыўна і толькі 8% нэгатыўна), італьянцы (63% ставяцца да іх пазытыўна, нэгатыўна — толькі 5%), чэхі (61% ставяцца пазытыўна, нэгатыўна — 7%).
Дасьледаваньне праводзілі 11–21 студзеня 2024 году, выбарка — 1015 чалавек.
- Пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і здушэньня распачатых пасьля іх масавых пратэстаў Польшча стала адным з найбольш папулярных кірункаў для беларусаў, якія ратуюцца ад рэпрэсій.
- Паводле апублікаваных у лютым 2024 году зьвестак аналітычнай плятформы Picodi.com, толькі за 2023 год у Польшчу пераехалі больш за 60 тысяч беларусаў. Агульная колькасьць беларусаў у Польшчы за апошнія пяць гадоў вырасла ў 6,5 раза і цяпер ацэньваецца прыкладна ў 310 тысяч чалавек.