Сілавікі затрымалі адміністратара кампаніі продажу адзеньня, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
У «пакаянным відэа» затрыманы кажа, што пісаў абразьлівыя камэнтары на адрас сілавікоў і Лукашэнкі, перапісваўся з блогеркай Тацянай Мартынавай, зьняў перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі і адправіў відэа ў чат-бот каналу Nexta.
Жыхара Гомля асудзілі за «ўдзел ў экстрэмісцкім фармаваньні» і «фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці»
Гомельскі абласны суд 7 сакавіка завяршыў разгляд крымінальнай справы Алега Дзегцярэнкі, якога абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 3 арт.361-1 КК) і «фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). Справу ў закрытым рэжыме разглядаў судзьдзя Алег Харошка.
Сутнасьць абвінавачаньня праваабаронцам пакуль невядомая.
Шляхам частковага складаньня пакараньняў абвінавачанаму канчаткова прызначана пазбаўленьне волі на 8 гадоў і 6 месяцаў у папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 100 базавых велічыняў.
Сілавікі затрымалі адміністратарку дваровага тэлеграм-чату «Несьцерка»
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал паведаміў, што за пратэсты 2020 году затрымалі яшчэ адну беларуску.
На відэа затрыманая расказвае, што была «актыўным удзельнікам бел-чырвона-белага руху і ўдзельнічала ў пратэстах у Менску». Таксама дзяўчына расказала, што была адміністратаркай дваровага тэлеграм-чату «Несьцерка» і ўдзельнічала ў стрымах зь Ціханоўскай.
Аўтары допісу сьцьвярджаюць, што беларуску затрымалі па вяртаньні ў Беларусь.
У якім статусе цяпер затрыманая і паводле якога артыкула яе абвінавачваюць — невядома.