Кіраўнік літоўскага офісу няўрадавай праваабарончай арганізацыі Freedom House палітоляг Віціс Юрконіс зьвязвае актыўнасьць спэцслужбаў Беларусі з адсутнасьцю магчымасьцяў зьбіраць інфармацыю.
«Беларускі рэжым занепакоены, ён шукае інфармацыю. Што чую — беларускія спэцслужбы гавораць: мы ўсё перабілі, ня маем ніякай інфармацыі, ня бачым фінансавых патокаў. Таму яны спрабуюць працаваць праз сацыяльныя сеткі, запалохваць», — сказаў Віціс Юрконіс у інтэрвію выданьню lrt.lt.
Віціс Юрконіс лічыць, што «ясных крытэраў вэрбаваньня» няма, беларускія спэцслужбы спрабавалі вэрбаваць нават супрацоўнікаў амбасады Літвы. «Праўда, марна», — дадаў ён.
«Што было выключным, дык гэта яўная спроба паўплываць на дыпляматычных супрацоўнікаў. Гэта сыгнал, што ні дыпляматычны імунітэт, ні дзелавыя сувязі, ні іншыя сродкі не абароняць вас, як і пашпарт», — адзначыў палітоляг.
7 сакавіка Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў пры Міністэрстве нацыянальнай абароны і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы прэзэнтавалі чарговы даклад аб ацэнках пагрозаў нацыянальнай бясьпецы Літвы. У ім, у прыватнасьці, паведамлялася пра «надзвычай агрэсіўныя дзеяньні» беларускай выведкі ў дачыненьні да супрацоўнікаў літоўскай дыпляматычнай місіі ў Беларусі.
«Спэцслужбы сочаць за супрацоўнікамі літоўскай амбасады ў Беларусі і зьбіраюць зьвесткі аб іхных сувязях, звычках або інфармацыю, якая можа іх скампрамэтаваць. [...] Мэта такіх дзеяньняў беларускіх спэцслужбаў — завэрбаваць супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі Літвы, прымусіць іх дзейнічаць насуперак інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы», — адзначалася ў дакладзе.
Спэцыялісты ў сфэры нацыянальнай бясьпекі спрагназавалі, што беларуская выведка неўзабаве інтэнсыфікуе сваю дзейнасьць супраць Літвы пры дапамозе ўкараненьня ў беларускую дыяспару і спробаў вэрбаваць грамадзян Літвы, якія езьдзяць у Беларусь у прыватных ці турыстычных справах.