Ён прапанаваў частку выдаткаў на добраўпарадкаваньне двароў перакласьці на насельніцтва.
«Каб зрабіць у Менску за адзін раз усе двары (нешта мы пачалі, вядома, рабіць, нікуды ад гэтага ня пойдзеш), мы зь нейкай вёскі забяром грошы. Лішніх грошай не бывае. Трэба тлумачыць гэта, і перш за ўсё тут, у Менску», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, пытаньне менавіта «ў фінансах»: «Давайце аб’яднаемся: хоць бы 2% [прафінансуе] насельніцтва, якое жыве ў гэтых дварах і глядзіць на няроўнасьці розныя, лужыны і канавы. А астатнія 98% — дзяржава».
«Павінен быць вынік. Зьвярніце на гэта ўвагу. І арганізоўвайце людзей. Ня хочуць людзі самі сабе чагосьці зрабіць у двары — добра, чакайце. Калі-небудзь праз год-два-тры прыедзем, зробім. Захочуць — дапамажыце людзям», — сказаў Лукашэнка.
Таксама ён даручыў ураду да 9 траўня «навесьці парадак і аднавіць дарожнае палатно, дзе гэта неабходна».
Гаворачы аб добраўпарадкаваньні ўчасткаў уздоўж дарог, ён запатрабаваў «не гарадзіць дарагія платы, а высаджваць дрэвы, якія ўтвараюць жывую загарадзь». Менская вобласьць, на яго думку, «у гэтым пляне адстае ад іншых рэгіёнаў».