Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і яе партнэры адрэагавалі на выказваньні папы Рымскага пра мірныя перамовы і «белы сьцяг»


Сустрэча папы Рымскага з украінскімі ўцекачамі ад расейскай вайны 24 жніўня 2022 году
Сустрэча папы Рымскага з украінскімі ўцекачамі ад расейскай вайны 24 жніўня 2022 году

«Белы сьцяг» ва ўсясьветнай гісторыі часьцей сымбалізуе капітуляцыю і безагаворачную згоду на пачатак мірных перамоваў без якіх-небудзь умоваў.

Папа Рымскі Францішак у інтэрвію, запісаным для швайцарскай вяшчальнай кампаніі RSI, заявіў пра неабходнасьць мірных перамоў між Расеяй і Ўкраінай і выкарыстаў тэрмін «белы сьцяг», які ва ўсясьветнай гісторыі часьцей сымбалізуе капітуляцыю і безагаворачную згоду на пачатак мірных перамоваў безь якіх-небудзь умоваў, хоць і не назваў, хто павінен гэты сьцяг узьняць.

Пазьней Ватыкан удакладніў, што пантыфік не гаварыў пра «капітуляцыю». Але першае выказваньне выклікала вялікі рэзананс, як ва Ўкраіне, так і сярод яе партнэраў.

«Царква павінна быць зь людзьмі»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ў лютым 2022 году ўсе ўкраінцы, незалежна ад сваёй рэлігійнай прыналежнасьці, сталі на абарону сваёй краіны.

«Хрысьціяне, мусульмане, юдэі — усе. І я дзякую кожнаму ўкраінскаму капэляну, які з войскам, у Сілах абароны. Там, на перадавой, абараняюць жыцьцё і чалавечнасьць, падтрымліваюць і малітвай, і размовай, справай. Вось што такое царква, а не за дзьве з паловай тысячы кілямэтраў недзе там займацца віртуальным пасярэдніцтвам паміж тым, хто хоча жыць, і тым, хто хоча цябе зьнішчыць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны адмаўляецца размаўляць наўпрост з Расеяй, пакуль ня будуць дасягнутыя ўмовы ягонай «формулы міру» — вывад усіх расейскіх войскаў з тэрыторыі Ўкраіны, аднаўленьне межаў, якія існавалі ў 1991 годзе, і прыцягненьне Расеі да адказнасьці за яе злачынствы. У Крамлі гэтыя ўмовы адхіляюць.

У Ватыкане патлумачылі выказваньні пантыфіка

Пасьля хвалі крытыкі кіраўнік прэсавай службы Ватыкана Матэа Бруні растлумачыў, што сваімі словамі Францішак меў намер «заклікаць да спыненьня агню і аднавіць мужнасьць перамоваў», але ня меў на ўвазе капітуляцыю.

«Папа выкарыстоўвае выяву белага сьцяга, прапанаваную інтэрвіюерам, для абазначэньня спыненьня ваенных дзеяньняў, замірэньня, якое дасягаецца дзякуючы адвазе пачаць перамовы», — сказаў Бруні.

«У іншым месцы інтэрвію... маючы на ўвазе любую ваенную сытуацыю, Папа ясна заявіў: „Перамовы ніколі не зьяўляюцца капітуляцыяй“», — дадаў Бруні.

«Украіна параненая, але няскораная»

Сьвятаслаў Шаўчук, кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы (яна падпарадкоўваецца Ватыкану) заявіў, што Ўкраіна «параненая, але няскораная».

«Украіна параненая, але няскораная! Украіна змучаная, але яна стаіць і выстаіць! Паверце мне, нікому і ў галаву не прыходзіць здацца. Нават там, дзе сёньня ідуць баявыя дзеяньні. Паслухайце нашых людзей у Херсоне, Запарожжы, Адэсе, Харкаве, Сумах! Прыяжджайце ва Ўкраіну і паглядзіце! Хто з вас ня верыць у перамогу Ўкраіны — ідзіце да споведзі! Таму што гэта азначае, што мы мала давяраем прысутнаму ў целе ўкраінскага народу жывому Богу», — заявіў Сьвятаслаў Шаўчук.

Амбасадар Украіны ў Ватыкане Андрэй Юраш заявіў, што з тэрарыстамі, з тымі, каго прызнаюць злачынцамі, «не вядзеш перамоваў».

«Ніхто не спрабаваў супакоіць Гітлера», — сказаў Андрэй Юраш.

«Расея можа неадкладна спыніць вайну, калі выведзе войскі»

Хаўрусьнікі Ўкраіны таксама адрэагавалі на выказваньне пантыфіка.

«Як наконт таго, каб для раўнавагі заахвоціць Пуціна набрацца сьмеласьці вывесьці сваю армію з Украіны? Мір наступіць неадкладна безь неабходнасьці перамоваў», — напісаў у сацыяльных сетках міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі.

Прэзыдэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс напісаў у сацыяльных сетках:

«Мая нядзельная ранішняя выснова: нельга капітуляваць перад злом, трэба зь ім змагацца і перамагаць, каб зло падняло белы сьцяг і скарылася».

Аляксандра Валкенбург, амбасадар і кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу пры Сьвятым Пасадзе, напісала:

«Расея... можа неадкладна спыніць гэтую вайну, паважаючы сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. ЭЗ падтрымлівае Ўкраіну і яе мірны плян».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG