У Воршы каля 21-й гадзіны 9 сакавіка абрабавалі краму. Невядомы, пагражаючы нажом прадавачцы, адкрыта выкраў з касы грошы і схаваўся.
Удакладніўшы прыкметы і кірунак руху падазраванага, супрацоўнікі Дэпартамэнту «Ахова» пасьпяшаліся адпрацаваць прылеглую тэрыторыю. Неўзабаве пад мастом яны заўважылі падобнага па прыметах маладога чалавека.
Затрыманы ня стаў адмаўляцца і прызнаўся, што гэта ён скраў грошы з крамы. У падазраванага знайшлі каля 450 беларускіх рублёў. Дакладная сума высьвятляецца.
Зь міліцэйскага відэа вынікае, што рабаваньне адбылося ў раёне чыгуначнага вакзалу, робіць выснову сайт Orsha.eu. Падрабязнасьці высьвятляюцца.
Налётчыкам аказаўся 14-гадовы навучэнец адной зь мясцовых школ. У дадзены момант асобную ўвагу надаюць высьвятленьню прычынаў і ўмоваў, якія паўплывалі на рашэньне маладзёна ўчыніць злачынства. Сілавікі дасьледуюць асобу падазраванага, выкліканы бацькі.
Міліцыя завяла крымінальную справу па факце злачынства.