Вашынгтон хоча прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у незаконнай дэпартацыі і гвалтоўным вывазе ўкраінскіх дзяцей у Расею.
ЗША ўступілі ў Міжнародную кааліцыю дзеля вяртаньні ўкраінскіх дзяцей як дзяржава-сябра, паведаміў Дзяржаўны дэпартамэнт, які цытуе «Голас Амэрыкі».
У паведамленьні гаворыцца, што такім чынам ЗША хочуць падтрымаць бясьпечнае вяртаньне ўсіх украінскіх дзяцей, незаконна дэпартаваных або гвалтоўна вывезеных у Расею.
ЗША хочуць «прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у гэтым», адзначыў Дзяржаўны дэпартамэнт.
ЗША таксама падтрымалі «Сумесную дэклярацыю аб стварэньні Міжнароднай кааліцыі дзеля вяртаньня ўкраінскіх дзяцей», раней заснаваную Канадай і Ўкраінай.
«Мы запрашаем іншыя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі ўступіць у Міжнародную кааліцыю дзеля вяртаньня ўкраінскіх дзяцей і падтрымаць яе намаганьні», — заявіў Дзяржаўны дэпартамэнт.
Што папярэднічала
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.
Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторыяў Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласьцяў у тым ліку ў Беларусь.
ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
Тым часам у «Народным антыкрызісным упраўленьні» заявілі, што рыхтуюць дакумэнты на Лукашэнку ў Гааскі суд з прычыны вывазу дзяцей з Украіны.
У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.