Яго асноўная тэма — гвалт у адносінах да жанчын. Дэмакратычная лідэрка падкрэсьліла: гвалт часта замоўчваюць, але пра яго неабходна гаварыць — бо на месцы Лізы, якая загінула ў Варшаве, магла апынуцца кожная.
Сьвятлана Ціханоўская заявіла сярод іншага:
«Дарагія жанчыны, якія дзяліліся асабістымі гісторыямі пад хэштэгам #хопіць_гвалціць — дзякуй вам за сьмеласьць. Дзякуючы такім гісторыям я бачу, што жанчыны навучыліся нават праз боль адкрываць вочы іншым на тое, што перажывае велізарная колькасьць дзяўчатак, дзяўчат і жанчын. Вы дзеліцеся гісторыямі, ведаючы, што можаце сутыкнуцца з камэнтарамі „сама вінаватая“ або „ня трэба было правакаваць“.
Я хачу нагадаць кожнай з вас, хто сутыкнуўся з гвалтам, — вы не вінаватыя. У гвалце вінаваты заўсёды той, хто яго ўчыніў.
Я хачу падзякаваць вам за тое, што вы падтрымліваеце і бароніце адна адну, калі бачыце несправядлівасьць. Ніколі не сумнявайцеся ў сваёй сіле і здольнасьці прымусіць увесь сьвет пачуць ваш голас».