Я ня ведаю, ці сьвяткавала б Ліза восьмага сакавіка — ці гаварыла б у гэты дзень пра правы жанчын, ці чакала кветак у падарунак, ці рабіла б і тое, і тое. Магчыма, яна б надзела прыгожую сукенку і пайшла ў рэстарацыю са сваім хлопцам. Магчыма, валянтэрыла б увесь дзень для іншых жанчын. Магчыма, гэты дзень для яе нічым бы не адрозьніваўся ад папярэдняга і наступнага.
Але Лізы больш няма. Фармальна тое, што зь ёй зрабіў злачынца, наўрад ці будзе лічыцца забойствам — яна не памерла на месцы, а пратрымалася яшчэ некалькі дзён на апаратах. Але мы ня ў залі суду, і я тут не займаюся афіцыйнай кваліфікацыяй справы. І для мяне ўсё адназначна: Лізу згвалціў і забіў мужчына, які палічыў, што ягоныя жаданьні важнейшыя за яе права на недатыкальнасьць і права на жыцьцё.
На жаль, жанчын з такім жа лёсам, як у Лізы, шмат. І шмат якія аналягічныя забойствы не выклікаюць такой жа гучнай мэдыйнай рэакцыі, у памяць пра гэтых жанчын ня робяцца маршы. Тут жа сышліся розныя абставіны, так бывае. Спадзяюся, дзякуючы розгаласу цяпер яшчэ больш людзей разумее, наколькі абсурдныя ўсе размовы пра краіны, дзе нібыта перамог фэмінізм, і пра тое, што ківач цяпер хіснуўся ў іншы бок — жанчынам аддаюць гэтулькі ўвагі, нас гэтак абараняюць, што прыгнечанымі аказваюцца мужчыны.
А я такія заявы бачу рэгулярна. Падобна, што шмат людзей і праўда так мяркуюць. Як менавіта яны прыходзяць да такой высновы, для мяне вялікая загадка, але на якія дзівосы ня здольнае наша мысьленьне, каб выбудаваць зручную і зразумелую карціну сьвету!
Вось толькі я ня ведаю ніводнай краіны, дзе дзяўчат і жанчын не даводзілася б «вучыць, як пазьбегнуць згвалтаваньня». І ніводнай краіны, дзе гэтаму б масава «вучылі» хлопцаў.
Паміж жанчынамі ў Беларусі, Індыі і ЗША вельмі шмат культурных і сьветапоглядных адрозьненьняў, але ўсіх нас аб’ядноўвае тое, што на пытаньне «Што ты робіш ці рабіла, каб цябе ня згвалцілі?» мы адказваем хутка і без запінкі. А вы задайце тое ж пытаньне мужчынам. Будаўнікам, кур’ерам, кіроўцам, мэнэджэрам па продажах, сьпевакам, прафэсарам і дактарам. Спытайцеся, як часта яны баяцца быць згвалтаванымі і як часта ім казалі, што смочкі, абрысы якіх праглядаюцца праз майку, спакушаюць іншых.
Я ня ведаю, што яшчэ павінна здарыцца, каб усім стала відавочна, што мы Марс калянізуем хутчэй, чым на Зямлі пераможа фэмінізм і жанчын перастануць абвінавачваць у тым, што мужчыны нас гвалтуюць і забіваюць. Разумееце, пакуль традыцыяналісты скардзяцца, што жанчыны сваёй уладай перакулілі сьвет дагары нагамі, у рэальнасьці жанчын гвалтуюць і забіваюць проста таму, што мы жанчыны. Вось такая перамога фэмінізму.
Але ж усё адно знойдуцца людзі, якія будуць казаць, што мы ўсяго ўжо дабіліся. І ня трэба, скажуць яны, нагадваць пра Лізу. Гэта, скажуць яны, увогуле не пра фэмінізм.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.