Такую заяву зрабіў міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Кэмэран.
«Ёсьць магчымасьць выкарыстоўваць нешта накшталт сындыкаванага крэдыту або даўгавога абавязаньня, якое ў сутнасьці выкарыстоўвае замарожаныя расейскія актывы ў якасьці заставы, каб перадаць гэтыя грошы ўкраінцам, ведаючы, што мы вернем іх, калі Расея заплаціць рэпарацыі», — перадае словы Кэмэрана The Guardian.
Згодна з гэтым плянам, пасьля выплаты рэпарацыяў пазыка будзе вернута, і Расея атрымае доступ да сваіх актываў.
Гэтая прапанова больш радыкальная, чым дыскутаваная раней у Эўразьвязе. ЭЗ прапануе перадаваць Кіеву толькі прыбытак ад замарожаных актываў Цэнтральнага банку РФ. Штогадовы прыбытак ад гэтых актываў ацэньваецца ў 4 мільярды даляраў ЗША.
Як адзначае The Guardian, Кэмэран упершыню так падрабязна кажа пра гэтую прапанову. На думку журналістаў, гэта сьведчыць аб падтрымцы з боку ЗША, але не ЭЗ.
Краіны «Вялікай сямёркі» ўжо больш за год вядуць дыскусіі наконт таго, ці можна канфіскоўваць замарожаныя актывы расейскага Цэнтральнага банку, не падрываючы пры гэтым даверу да міжнароднай фінансавай сыстэмы.
Як піша The Guardian, у Вялікай Брытаніі былі замарожаныя актывы Цэнтральнага банку Расеі на суму каля 25 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў (32 мільярды даляраў), але афіцыйна пра гэта не паведамлялася.
У заходніх краінах замарожана каля 300 мільярдаў даляраў рэзэрваў Цэнтральнага банку Расеі. За 2023 год міжнародны дэпазытар Euroclear зарабіў 4,4 млрд эўра, інвэстуючы расейскія актывы, замарожаныя паводле рашэньня Эўразьвязу. Масква ня можа скарыстацца ані актывамі, ані заробленымі працэнтамі.