«Посьпех» беларускіх «літвіноў» у Літве
Правыя літоўскія палітыкі працягваюць настойваць на ўніфікацыі абмежаваньняў для беларусаў і расейцаў. Гучаць заявы, што беларускія ўцекачы ў Літве ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы. А пачаліся зьмены ў стаўленьні да беларускіх уцекачоў зь леташніх спрэчак вакол тэмы так званага «літвінства». У Літве раптам загаварылі, што беларусы крадуць у літоўцаў гісторыю. Гэта можна назваць «посьпехам» беларускіх інтэрнэтных літвіноў. Пра тое, што цяпер адбываецца ў Літве і як беларусам паразумецца зь літоўцамі, маючы стагодзьдзі супольнай гісторыі, мы гаворым зь беларускім лінгвістам, археографам, пісьменьнікам і перакладчыкам літоўскай літаратуры Сяргеем Шупам.