Новы суд над Вольгай Маёравай
У раскладзе суду Чыгуначнага раёну Гомля зьявілася крымінальная справа Вольгі Маёравай. Яна цяпер адбывае 20-гадовы тэрмін у гомельскай калёніі.
Згодна раскладу, 5 сакавіка пачнецца разгляд яе справы паводле артыкула 411 КК — «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі».
Справу будзе разглядаць судзьдзя Ганна Сакалова, вядомая сваімі прысудамі для «палітычных».
Вольгу Маёраву судзілі разам з «групай Аўтуховіча». Яна атрымала 20 гадоў калёніі паводле розных артыкулаў, у тым ліку за «ўдзел у злачыннай арганізацыі» і «заклікі да санкцыяў». Палітзьняволеная не прызнала віну, абскардзіла вырак. Але Вярхоўны суд адхіліў яе скаргу.
У траўні 2023 году Вольгу Маёраву скіравалі ў гомельскую жаночую калёнію.
Вадзіма Гулевіча 2,5 месяца трымалі ў ШЫЗА
Вадзім — фігурант справы «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі», якую ў Беларусі прызналі тэрарыстычнай арганізацыяй. Палітвязьня прызналі вінаватым паводле пяці крымінальных артыкулаў і асудзілі на 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф 600 базавых велічыняў (19 200 рублёў).
Ад сакавіка 2023 году Вадзім Гулевіч адбывае тэрмін у папраўчай калёніі № 3. Стала вядома, што з 10 лістапада па канец студзеня яго трымалі ў штрафным ізалятары. Прычыны спагнаньняў невядомыя.
Адрас палітвязьня: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласьць, п. Віцьба, Вадзіму Мікалаевічу Гулевічу